Пра разрыў з рэальнасцю ў сябраў Канстытуцыйнай камісіі



Чым больш інфармацыі ў адкрытым доступе пра дзейнасць так званай Канстытуцыйнай камісіі, тым больш разумення пра імітацыйны характар усёй распачатай працы. З апошняга – дзяржСМІ паведамілі, што сябры КК на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць прапановы па карэкціроўцы ўзроставага цэнзу адносна права голасу на выбарах. У цяперашні момант беларусы, як і грамадзяне большасці дзяржаваў свету, маюць права на ўдзел у галасаванні па дасягненні 18 гадоў. Верхняя планка ўзросту для галасавання адсутнічае. Старшыня Канстытуцыйнага суда і кіраўнік так званай Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч заявіў у каментары дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, што ёсць планы, каб права голаса было ў грамадзян ад 20 да 70 год: “Прадстаўнікі КК таксама лічаць гэта аптымальным, паколькі маладыя людзі ўжо паспеюць сфармавацца як асобы і будуць здольныя рэальна ацэньваць сітуацыю, а старэйшае пакаленне пры прыняцці важнага рашэння яшчэ выяўляе актыўнасць у грамадска-палітычным жыцці краіны, і на іх выбар ніяк не можа паўплываць стан здароўя”. Інакш кажучы, маецца на ўвазе, што маладзёны да 20-ці год, паводле разумення сябраў так званай КК, не ў стане рабіць прычынна-выніковыя сувязі, як і старэйшыя беларусы пасля 70-ці.

Вызначэнне двух узроставых планак (мінімальная ад 20-ці год і максімальная да 70-ці) выклікае сама меней здзіўленне, паколькі з распаўсюдам дэмакратый і ўвядзеннем усеагульнага выбарчага права па ўсім свеце мінімальная ўзроставая планка ўвесь час змяншаецца ад 25-ці год у канцы ХІХ стагоддзя да 18-ці ў канцы ХХ. У цяперашніх заходніх дэмакратыях увесь час абмяркоўваюцца варыянты з паніжэннем планкі да 16 год з улікам таго, што традыцыйны электарат ЕЗ імкліва старэе. Акрамя таго, уцягненне новай генерацыі ў палітычны працэс можа істотна палепшыць жыццё людзей, улічыць патрэбы маладых грамадзянаў. Наконт максімальнай планкі – увогуле анекдот. Але асабліва камічна гучаць прапановы на фоне таго, што старшыні так званай камісіі Пятру Міклашэвічу самому без пяці хвілінаў 70 год, як і ягонаму шэфу, дарэчы. Некаторыя людзі ў 90-гадовым узросце дадуць фору маладым у плане разумовых здольнасцей і грамадзянскай адказнасці. Зрэшты, размовы пра імаверны ўзроставы цэнз не паўсталі на пустым месцы. Відавочна, улады Беларусі, прааналізаваўшы поствыбарчыя пратэсты і настроі, убачылі, што сярод найбольш актыўных апанентаў улады былі прадстаўнікі двух згаданых груп, якія выходзілі на акцыі ў другой палове 2020 года. Кіраўніцтва краіны працягвае жыць у прыдуманай рэчаіснасці, у якой усе ўзроставыя, сацыяльныя і прафесійныя групы ў адзінадушным парыве падтрымліваюць “палітыку партыі”. А тыя, хто іх не падтрымлівае, – не дараслі да разумення працэсаў альбо страцілі сувязь з рэальнасцю па стане здароўя.

У цэлым нават факт размовы пра ўвядзенне новых узроставых абмежаванняў гаворыць пра сапраўдныя настроі сярод праўладных функцыянераў, якія нібыта спаборнічаюць у тым, каб стварыць усё новыя і новыя перашкоды на шляху ўстанаўлення дэмакратыі і пашырэння палітычнага ўдзелу грамадзянаў краіны. Хаця, калі галасы ўвогуле не лічаць, які сэнс ад змены ўзроставых рамак для выбарцаў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ