Пра рэальную дапамогу, якая вельмі злуе Крэмль



Украінскія інфармацыйныя агенцыі распаўсюдзілі фотаздымкі прыбыцця чатырох прэзідэнтаў краінаў ЕЗ, якія выйшлі на перон кіеўскага чыгуначнага вакзалу. Кіраўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прыбылі ў сталіцу ваюючай Украіны, каб выказаць сімвалічную падтрымку і аддаць належнае мужнасці і гераізму ўкраінскіх абаронцаў. Такі высокі жэст з боку лідараў былых посткамуністычных дзяржаваў нельга пераацаніць. Можна сказаць, што яго можна паставіць у адзін шэраг з учынкам прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, які наведаў Кіеў некалькімі днямі раней. На мове дыпламатыі такі візіт азначае дэманстрацыю безумоўнай падтрымкі Кіева, якая можа пайсці далей, чымся прыём мільёнаў бежанцаў і аказанне матэрыяльнай дапамогі. І Крэмль гэта цудоўна разумее. Лідары чатырох дзяржаваў Еўрасаюзу паказваюць куды большую рашучасць, чым іх калегі са Старога Свету, якія ў камунікацыях з Масквой старанна падбіраюць словы і намагаюцца ўсяляк супакоіць раз’ятранага “мядзведзя”. Такая мадэль паводзінаў кіраўнікоў краін Балтыі і Польшчы абумоўленая дзвюма прычынамі. Па-першае, усе гэтыя дзяржавы паспыталі на сабе стагоддзі панавання Расеі, у выніку чаго яны ясна разумеюць матывы варварскай палітыкі з боку Крамля. Таму не маюць ніякіх ілюзій наконт прыроды канфлікта. Па-другое, імкненне дапамагчы Украіне любымі сродкамі тлумачыцца тым, што эліты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі цудоўна ўсведамляюць, што Масква ў дадзены момант не абцяжараная абавязацельствамі выканання міжнароднага права, таму цалкам імаверна наступнымі ахвярамі імперскай палітыкі могуць стаць іх краіны. Адпаведна, дапамога Украіне — гэта не толькі праява салідарнасці, колькі прагматычнае памкненне падкарэктаваць апетыты агрэсара на ранняй стадыі.

Візіт чатырох прэзідэнтаў краін ЕЗ у Кіеў у нечым нагадвае акцыю кіраўнікоў Украіны, Польшчы, Літвы, Эстоніі ў Грузію ў разгар расейска-грузінскай вайны 2008 года. Тады прыезд чатырох лідараў натхніў грузінаў. Увесь Тбілісі з удзячнасцю выйшаў у цэнтр горада, каб павітаць саюзнікаў. Можна не сумнявацца, што тая акцыя салідарнасці вельмі дапамагла захаваць суверэнітэт Грузіі, бо расейскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва, відавочна, не гатовае было ісці на абвастрэнне сітуацыі з суседзямі, спыніўшы сваю армію ў некалькіх дзясятках км ад Тбілісі. Аднак што было ў 2008 годзе, таго не дастаткова ў рэаліях 2022, калі РФ узяла курс на поўнае ігнараванне міжнародных нормаў і фактычна абвясціла вайну цывілізаванаму свету. Цяпер крамлёўскія эліты не перажываюць з нагоды свайго іміджу ў вачах іншых дзяржаваў. Масква пайшла ў ва-банк, а гэта значыць, што адных толькі жэстаў падтрымкі, каб спыніць атаку на Украіну, не хопіць. Але кіраўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія прыехалі ў Кіеў, гэта цудоўна ўсведамляюць. І на фоне іншых дзяржаваў, якія нават не вярнулі яшчэ эвакуяваных паслоў у сталіцу Украіны, робяць усё магчымае. І гэта ўкраінцы з удзячнасцю запомняць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ