Пра «самыя брудныя выбары ў гісторыі»
На адной з прэс-канферэнцый мінулыя мясцовыя выбары былі названыя „самымі бруднымі за гісторыю назірання”. Такое адчуванне, што мінулыя парламенцкія ці апошнія прэзідэнцкія былі чысцейшымі. Ані цяпер, ані тады дэмакратаў не дапускалі ў склады выбаркамаў. А незалежным назіральнікам пры падліку галасоў увесь час адкрываўся і адкрываецца цудоўны від на „філейныя часткі” сябраў камісій. І так з сярэдзіны 1990-х гадоў прыкладна. Увогуле, калі быць шчырым, не зусім зразумела, адкуль узялося азначэнне „самая брудная кампанія”. Як нельга быць трошкі жанатым, так і выбары нельга прызнаваць часткова сумленнымі. Словам, не было такога ніколі, і вось зноў…
Пасля апошніх „вырабаў” асабліва не хочацца рагатаць над „цёткамі з начосамі” і „дзядзькамі з пузікамі”, а таксама іх пятымі кропкамі, якія масава фатаграфаваліся сёлета і выкладаліся ў сацсеткі пад рознымі хэштэгамі. Ад гаспадароў гэтых частак цела ужо нічога не варта чакаць. Яны — нашае ўчора, якое ўсяляк супраціўляецца таму, каб наступіла сёння. Іх можна навучыць маляваць прыгожыя лічбы і супрацьдзейнічаць назіральнікам, але прымусіць быць сумленнымі перад грамадствам — не. Яны — шрубкі сістэмы. Можа, мілыя людзі дома, але на выбарчым участку — сапраўдныя цэрберы, псы, якія не хочуць, каб наступіла заўтра.
Выбары прайшлі, нічога не змянілася. Жывём і працуем далей.