Пра сапраўдную чырвоную рысу для Беларусі
З моманту пачатку крывавай вайны ва Украіне прайшоў амаль месяц. Беларуская дзяржава ў гэтай ганебнай вайне падыгрывае РФ прадастаўленнем тэрыторыі і ваеннай інфраструктуры краіны. З тэрыторыі нашай краіны едуць бясконцыя калоны з ваеннай тэхнікай РФ, нашыя аэрадромы выкарыстоўваюцца авіяцыяй агрэсара. Аднаго гэтага хапіла б, каб у дачыненні да Беларусі ўвесь свет заняў асуджальную пазіцыю і распаўсюдзіў на нас многія санкцыі, задзейнічаныя ў дачыненні да РФ. Аднак, нягледзячы на актыўнае садзейнічанне РФ, беларуская дзяржава яшчэ не перакрочыла “чырвоную рысу”, пасля якой краіна канчаткова трапляе ў статус агрэсара і якой, пасля непазбежнай паразы, давядзецца дзесяцігоддзямі выплачваць рэпарацыі і несці цяжар адказнасці за вайну.
Вось ужо некалькі тыдняў украінскія СМІ, грамадскія дзеячы, лідары меркаванняў, поп-зоркі, высокапастаўленыя асобы і вайскоўцы заклікаюць беларусаў не адпраўляць сваю армію ва Украіну. Суседзі сумленна папярэджваюць, што любога беларуса са зброяй у руках яны сустрэнуць гэтак жа, як і расейцаў. Гледзячы на рашучасць украінскіх ваяроў, сумнявацца ў іх словах не выпадае. Папярэджанні агучаныя. На шчасце, пакуль што беларускае войска ўкраінскі кардон не перакрочыла. Аднак такая небяспека, калі верыць паведамленням украінскай выведкі, нікуды не сышла. Можна доўга разважаць над тым, чаму ўлада Беларусі дагэтуль не прыняла рашэння, на якое, без вялікага сумневу, вельмі разлічвае Крэмль. Але відавочна, што ў дадзены момант нават афіцыйны Менск не надта імкнецца адпраўляць сваю армію туды, дзе дакладна не будзе лёгкай прагулкі. Кіраўніцтва Беларусі тлумачыць няўдзел у непасрэднай аперацыі тым, што, маўляў, расейская армія сама дае рады ў вайне з Украінай і мае на гэта неабходныя рэсурсы. Такая рыторыка кантрастуе з ваяўнічымі выказваннямі, агучанымі Аляксандрам Лукашэнкам за некалькі дзён да пачатку вайны. Тады ён публічна выказаў сумнеў у абароназдольнасці Украіны і запэўніў расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва тым, што аперацыя РФ працягнецца максімум тры дні.
За некалькі тыдняў зацяжных і цяжкіх баёў, у якіх расейская армія так і не здолела прадэманстраваць свету пераканаўчыя доказы сваёй перавагі над украінскім войскам, істотна памяналася сітуацыя. Насуперак уяўленням Крамля, практычна ўся планета, калі не асудзіла дзеянні Масквы, то, прынамсі, дыстанцуецца ад падтрымкі вайны. Тым часам жорсткія санкцыі практычна абрынулі эканоміку РФ і пераўтварылі гэтую дзяржаву ў краіну-ізгоя. У самой Беларусі, хоць не бачна на вуліцах шматтысячных пратэстаў, таксама ідуць працэсы. Можна не сумнявацца, што, у адрозненне ад Расеі, беларускае насельніцтва не падзяляе ніякага энтузіязма ад вайны, якая мае ўсе шансы зацягнуцца на доўгія гады і прывядзе да пераўтварэння нашага рэгіёна ў адну з самых небяспечных кропак свету. На гэтым фоне удзел беларускай арміі ў сумнеўным мерапрыемстве з кожным днём губляе ўсялякі сэнс для афіцыйнай улады. Больш за тое, уваход на тэрыторыю Украіны беларускіх вайскоўцаў прывядзе да дэстабілізацыі сітуацыі ўнутры краіны.
Аднак усё ж такі прамаруджанне ў адпраўцы беларускай арміі ва Украіну можа быць абумоўлена таксама ясным разуменнем таго, што пасля ўступлення ў вайну беларуская армія перастане існаваць як самастойная адзінка і будзе часткай расейскай ваеннай машыны, падпарадкаванай Крамлю. І вось тады нават пра размовы пра гіпатэтычную незалежнасць можна забыцца. А ў Масквы ўвогуле не застанецца падставаў трымаць на чале краіны чалавека, які не мае ўплыву на сілавы апарат.