Пра сеанс самавыкрыцця беларусафобаў



У галоўным прапагандысцкім выданні “Беларусь Сёння” выйшаў артыкул аўтарства публіцыста Юрыя Цераха, у якім той прапаноўвае “правесці работу над памылкамі”. Пад гэтым выразам маецца на ўвазе рэвізія зместу падручнікаў па гісторыі ў беларускіх школах. Набор прэтэнзій у аўтара, зрэшты, можна звесці да адной прымітыўнай формулы: “чым менш беларускага погляду на гісторыю, тым лепей.” Пытанне толькі ў тым, для каго лепей. Для чалавека, які рэтранслюе антыбеларускую прапаганду – гэта, вядома, пажаданы варыянт развіцця падзей. А вось для адэкватных беларусаў, якія любяць сваю краіну, дэнацыяналізацыя гісторыі выклікае сама менш раздражненне.

У артыкуле “Якую гісторыю навязваюць нашым дзецям” расстаўленыя такія акцэнты, якія не маглі б, скажам, мець месца ў той жа Расеі. Давайце ўявім гіпатэтычную сітуацыю, калі аўтар, напрыклад, якога-небудзь флагманскага расейскага выдання паставіў бы пад сумнеў дзейнасць князя Аляксандра Неўскага, высмяяў бы ролю Масквы ў аб’яднанні расейскіх земляў, пакпіў бы над паходамі Аляксандра Суворава і жорстка закляйміў бы апошняга цара Мікалая ІІ. Думаецца, з такім бы аўтарам не сільна цырымонілася б нават расейская ліберальная грамадскасць. А ў Беларусі чамусьці такі нумар праходзіць, калі на старонках галоўнага афіцыйнага выдання выходзіць прапаганда, якая мае на мэце разбурэнне нацыянальнага наратыву. Матывы такога дзеяння цалкам зразумелыя. У перыяд жорсткай рэакцыі пасля задушэння пратэстаў 2020 года ўлада абрынулася на структуры грамадзянскай супольнасці і апазіцыю. Пад каток рэпрэсій патрапілі многія арганізацыі, якія заваявалі аўтарытэт у вачах грамадства за гады карпатлівай і эфектыўнай дзейнасці ў сферы нацыянальнага адраджэння. Сітуацыйнае змаганне, якое разгарнулі сілавыя структуры ў дачыненні да нацыянальных арганізацый і сімвалаў, стварыла ў некаторых беларусафобаў крывую карціну свету, у якой няма месца беларускай мове, нацыянальным героям і нашаму погляду на гісторыю. Пагром грамадзянскай супольнасці ўспрыняўся такімі асобамі як шанец для прасоўвання сваіх ідэй. І вось, убачыўшы прыадчыненае “акно магчымасцей”, яны рэзка атакавалі беларускі нацыянальны праект. У сваёй крытыцы Вялікага княства Літоўскага, Кастуся Каліноўскага і ва ўсхваленні сталінскіх рэпрэсій яны зайшлі настолькі далёка, што нават у часы позняга СССР такога сабе не дазвалялі апаненты нацыянал-дэмакратычных сілаў. Аднак спробы прынізіць ролю выбітных асобаў Беларусі, выкрасліць цэлыя раздзелы гісторыі не пройдуць. Нават з улікам моманту. Цікава, як запяюць беларусафобы, калі зноў зменіцца дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі? Выглядае на тое, што ненавіснікі Беларусі ўспрынялі цяперашнюю сітуацыю супрацьстаяння ў беларускім грамадстве як шанец на фармаванне парадку дня, але насамрэч узялі ўдзел у сеансе самавыкрыцця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ