Пра шлях у накірунку failed state



Калі доўга цягаць тыгра за вусы, ён адкусіць вам галаву. Улады Беларусі дачакаліся рэальных санкцый ад ЕЗ, наступствы якіх цяжка пралічыць у гэты момант. Але можна ўжо дакладна казаць, што дзеянні афіцыйнага Менску прывялі да сітуацыі, калі над беларускай дзяржаўнасцю навісла не гіпатэтычная пагроза, а сапраўдная імавернасць пераўтварэння ў failed state (дзяржаву, якая не можа напоўніцу выконваць свае функцыі ў сучасным свеце).

Праз інцыдэнт з прымусовай пасадкай грамадзянскага летака авіякампаніі Ryanair у рукі ўладаахоўнікаў трапіў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч. Але краіна пры гэтым ахвяравала адным з асноўных складнікаў прыналежнасці да клубу цывілізаваных краін – іміджам бяспечнай для авіяпалётаў краіны. Краіны ЕЗ, адна за іншай, пасля здарэння прымаюць рашэнні пра забарону палётаў для суднаў беларускіх авіякампаній. А само неба над Беларуссю, калі прааналізаваць адкрытыя дадзеныя з рэсурса Flightradar, пераўтвараецца ў беспалётную зону. Улічваючы выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі, якім заўжды ганарыліся ў постсавецкі час, такі паварот падзей выглядае катастрофай.

Затрыманне аднаго са стваральнікаў тг-каналаў, якія ўлады залічылі ў шэраг экстрэмісцкіх, выглядае перамогай толькі ў вачах вельмі вузкай групы людзей, якія дэманізавалі юнака па прычыне спецыфічнага светаўспрымання. Не Раман Пратасевіч і не Сцяпан Пуціла выводзілі сотні тысяч беларусаў на вуліцы беларускіх гарадоў у жніўні-верасні 2020 года. Калі грамадства гатовае пратэставаць, яно здольнае самаарганізавацца і без тг-каналаў. І наадварот, як паказалі пазнейшыя падзеі, колькі б не заклікалі прадстаўнікі эміграцыйных колаў да масавых акцый, грамадзяне на іх не адгукаюцца, калі не лічаць патрэбным. Для таго каб людзі масава выйшлі на плошчы, патрэбны матыў і лідар. Ані Сцяпан Пуціла, ані Раман Пратасевіч, пры ўсёй павазе, на ролю лідараў вулічных пратэстаў не цягнуць. Такім чынам, аграмадныя рэсурсы, выдаткаваныя на затрыманне стваральніка тг-кантэнту, – гэта сеанс групавога самасупакаення. З арыштам Рамана грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не вырашыцца сам па сабе.

Афіцыйны Менск, калі пайшоў на спецаперацыю з грамадзянскім летаком авіякампаніі Ryanair, верагодна, сыходзіў са свайго досведу дачыненняў з “бяззубым” і прагматычным Захадам, які заўжды ішоў на саступкі, калі ўзнікала пагроза эканамічных страт. За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі ЕЗ сутыкаўся з высяленнем амбасадараў, шпіёнскімі скандаламі, інфармацыйнымі спецаперацыямі. Але ва ўсіх ранейшых канфліктах, калі параўноўваць з цяперашняй сітуацыяй, было адно адрозненне. Да інцыдэнту з самалётам кампаніі Ryanair з боку Беларусі не было пагрозы непасрэдна грамадзянам ЕЗ і буйному еўрапейскаму бізнесу. Нашая аўтакратыя ўспрымалася на Захадзе як пэўная постсавецкая дэвіяцыя, якая, аднак, не несла вялікіх рызык для Еўропы. Пасля прымусовай пасадкі летака беларуская дзяржава стала асацыявацца з Лівіяй часоў Кадафі альбо з лагавішчам піратаў Самалі. 

Можна колькі заўгодна ігнараваць шматстаронкавыя рэзалюцыі Еўрапарламенту і сімвалічныя санкцыі, але калі канцлер вядучай краіны ЕЗ Ангела Меркель гаворыць лаканічна і ёміста пра тое, што Раман і яго сяброўка Сафія павінны быць вызвалены і кропка, тут ужо павінен уключыцца інстынкт самазахавання. Выглядае на тое, што час пустых дэкларацый сышоў незваротна. Еўрапейскі тыгр вырашыў больш не дазваляць цягаць сябе за вусы беспакарана.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ