Пра што расказалі архівы КДБ у Латвіі



У Латвіі – скандал нацыянальнага маштабу. Па адкрыцці архіваў КДБ выявілася, што шэраг іерархаў праваслаўнай царквы былі яшчэ ў 1980-х гадах завербаваныя спецслужбамі ў якасці агентаў. Найбольшы розгалас выклікала біяграфія цяперашняга кіраўніка Латвійскай праваслаўнай царквы мітрапаліта Аляксандра (Кудрашова). Аказалася, што ў картатэках КДБ ён фігуруе пад псеўданімам “Чытач”. Гісторыя “Чытача” дастаткова банальная: у пачатку 1980-х гадоў здольнага бармэна Сашу заўважыў афіцэр КДБ Аляксандр Ішчанка. Дзякуючы намаганням куратара Саша зрабіў ашаламляльную кар’еру ў падкантрольнай органам царкве. У 1990-м годзе, калі да абвяшчэння незалежнасці Латвіі заставаліся лічаныя месяцы, Аляксандр у сане мітрапаліта ўзначаліў Латвійскую праваслаўную царкву.  І да гэтага часу ён з’яўляецца зверхнікам у праваслаўнай абшчыне Латвіі.

Латвійскае выданне “Kompromat” правяло ўласнае расследаванне адносна жыццёвага шляху мітрапаліта Аляксандра. Выявілася, што і пасля распаду СССР ён не спыняў супрацоўніцтва са сваім куратарам. Але іх супольная дзейнасць займела больш камерцыйны характар. У 1992 годзе экс-падпалкоўнік КДБ Ішчанка стварыў некалькі камерцыйных арганізацый і фондаў. У 1996 годзе мітрапаліт Аляксандр ад імя Сінода выдаў права на распараджэнне бізнесоўца цэлыя комплексы нерухомасці, якія належалі праваслаўнай царкве Латвіі. Выяўленыя дакументы сведчаць пра незвычайную ступень даверу царкоўнікаў да наваспечанага камерсанта Ішчанкі. Хутчэй за ўсё, мяркуюць латвійскія журналісты, гэты давер падмацоўваўся збольшага наяўнасцю агентурных звестак і справаздач у бізнесоўца Ішчанкі, якія ён атрымліваў ад стараннага агента “Чытача”.

Пасля публікацыі архіваў КДБ у Латвіі даследчыкі выявілі яшчэ некалькі фактаў пра супрацу шэрагу вядомых асобаў з камуністычнай спецслужбай. У прыватнасці, у картатэцы ёсць звесткі пра вярбоўку ў 1981 годзе пад псеўданімам “Анатолій” праваслаўнага святара Івана Міралюбава. У цяперашні момант ён з’яўляецца супрацоўнікам Аддзела знешніх сувязяў ЛПЦ МП. У базе таксама звесткі пра многіх прарасейскіх журналістаў і грамадскіх дзеячаў Латвіі, якія былі завербаваныя таксама ў гады савецкай улады.

Архівы КДБ у Латвіі былі адкрытыя пасля 20-гадовых дыскусій. І менавіта цяпер стала зразумела, чаму так апантана супраціўляліся апрылюдненню картатэк многія публічныя асобы. Зусім не грамадскі парадак, нацыянальная бяспека і права на асабістую недатыкальнасць турбавалі гэтых асобаў, а менавіта залежнасць ад спецслужб, якія дагэтуль шмат у чым каардынуюцца з метраполіі. Выкрыццё агентурнага мінулага царкоўных іерархаў Латвіі сыграла на руку прыхільнікам аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы. Цяпер у іх з’явіўся чарговы “жалезны” аргумент на карысць стварэння ўласнай памеснай царквы, якая не мае такога сумнеўнага бэкграўнда.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ