Пра скандалы як рухавік прагрэсу



Байнэт не можа жыць без скандалаў. Часам такое ўражанне складваецца, што калі б не скандалы, то ўвогуле не было б сэнсу ў існаванні беларускага сегмента сеціва. Не паспелі мы адысці ад абмеркавання новай кватэры нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, як нагоду для чарговага «бульбагону» прадставіў Аляксандр Памідораў. Беларускі андэграўндны музыка выклікаў хвалю абурэння тым, што анансаваў сваю працу на інтэрнэт-пляцоўцы «Спутнік». Гэты сайт адметны тым, што да ягонага стварэння спрычыніўся сумнавядомы прапагандыст Дзмітрый Кісялёў. Памідораў прадаў душу расейскаму д’яблу пасля двух гадоў беспаспяховых спробаў знайсці хоць нейкую працу. Нехта выказаў ды-джэю падтрымку, а хтосьці асудзіў, назваўшы здраднікам.

І вось на гарызонце з’явіліся прыкметы новага скандалу. Курсы «Мова Нанова» знялі ролік у аўтамыйні. У відэа прыгожыя дзяўчаты памылі машыну рэперу. На скандал, на першы погляд, зусім не цягне. Але нашая публіка без страсення паветра жыць не можа. Карацей, абвінавацілі гледачы стваральнікаў сацыяльнай рэкламы ў сэксізме і пошласці. У прынцыпе, у ХХІ стагоддзі, калі не ведаеш, як пакрытыкаваць, абвінавачанне ў сэксізме — гэта самы эфектыўны сродак. Ніхто не ведае толкам пра што гаворка, затое склад злачынства навідавоку. Карацей, прагрэсіўная грамадскасць абурылася, пабурліла ў сацыяльных сетках і супакоілася. Больш за ўсіх бурлілі, дарэчы, рэкламшчыкі і феміністкі. Рэкламшчыкаў раздражняла ў роліку ўсё:  штучная мова, сюжэт, сцэнар, гульня акцёраў… А феміністкі абураліся, што машыну рэперу мылі менавіта дзяўчыны, а не якія-небудзь хлопцы. Паслухаеш такіх — увогуле нічога рабіць не захочаш. Хаця добра, што яны ўсё-такі ёсць — без іх колькасць праглядаў была б куды меншай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ