Пра спальванне мастоў
Улады Беларусі загаварылі пра амністыю, магчымыя змяненні ў заканадаўстве, звязаным з міграцыйнымі пытаннямі і грамадзянствам. На адмысловай нарадзе з удзелам афіцыйнага кіраўніка краіны былі агучаныя некаторыя ідэі, якія паўсталі на фоне відавочных таталітарных тэндэнцый у беларускай дзяржаве. Гаворка ідзе пра магчымую практыку пазбаўлення грамадзянства ў дачыненні да так званых экстрэмістаў у выгнанні, да ліку якіх адносяць ідэалагічных апанентаў улады, незалежных журналістаў, блогераў і актывістаў. Беларусы замежжа, якія не спынілі сваю антыўрадавую дзейнасць, з’яўляюцца найвялікшым раздражняльнікам для рэжыму, які хацеў бы “перагарнуць старонку” і вярнуць усё ў адносна бесклапотныя для іх часіны. Аднак вялікая і матываваная беларуская дыяспара стаіць на гэтым шляху. Акрамя гэтага, масавы ад’езд самай кваліфікаванай групы беларускага насельніцтва аўтаматычна мяняе палітычныя ўпадабанні ўнутры самой Беларусі. Для многіх, хто застаўся, менавіта беларусы замежжа застаюцца галоўнай надзеяй на дэмакратычныя перамены, таму аўтарытэт і роля лідараў у выгнанні, насуперак чаканням уладаў, застаюцца высокімі.
Афіцыйны кіраўнік краіны агучыў некалькі парадаксальных выказванняў, якія, аднак, толькі на першы погляд з’яўляюцца супярэчлівымі. Ягоныя словы пра “перагібы” ў дачыненні да палітычных і магчымую амністыю, кампенсаваліся анансаваннем практыкі пазбаўлення грамадзянства для “экстрэмістаў”. Акрамя гэтага, гаварылася пра тое, што неабходна таксама спрасціць працэдуру атрымання грамадзянства для лаяльных таварышаў з постсавецкай прасторы. Такім чынам, няма і гаворкі пра набліжэнне “адлігі”. Хутчэй за ўсё, улады заклапочаныя паглыбленнем дэмаграфічнага крызісу, маштаб якога немагчыма замоўчваць. З іншага боку, яны хочуць знізіць актыўнасць беларускай палітычнай эміграцыі. Адпаведна, людзей, якіх улады адносяць да групы “апаненты”, паслабленні і амністыя не закрануць. Улада дзейнічае паводле сталінскага прынцыпу, калі “сацыяльна блізкімі” з’яўляюцца крымінальнікі, а палітычным супернікам на літасць разлічваць не выпадае.
Адметна, што рашэнні наконт змянення заканадаўства ў галіне грамадзянства будуць агучаныя ў так званы Дзень еднасці 17 верасня (чарговая гадавіна ваеннай кампаніі Чырвонай арміі ў 1939 годзе). То бок у такога рашэння таксама прысутнічае выразны антыпольскі падтэкст, паколькі менавіта Польшча з’яўляецца асноўнай краінай, якая прадаставіла прыстанішча дзясяткам тысяч нязгодных з уладай беларусаў. Заўважым таксама, што ўлада анансавала абмежаванне правоў для беларусаў з “картай паляка” і ВНЖ у замежных краінах. Гэта значыць, кіраўніцтва краіны робіць усе крокі, каб пагоршыць прававое становішча беларусаў замежжа, большасць якіх пражывае на гэты момант у Польшчы. Усе гэтыя дзеянні па абмежаванні правоў укладваюцца ў схему пабудовы таталітарнай дзяржавы, у якой няма месца іншадумцам і палітычнай апазіцыі.