Пра спартовую салідарнасць
Беларускія спартоўцы не засталіся ў баку ад змагання народу за свабоду. У калектыўным звароце тытулаваных атлетаў, якія заклікаюць да спынення гвалту і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, – каля 800 подпісаў. Сярод найбольш знакамітых спартоўцаў – алімпійская чэмпіёнка па плаванні Аляксандра Герасіменя, алімпійская чэмпіёнка па штурханні ядра Надзея Астапчук, баскетбалістка Алена Леўчанка, чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў, былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Генадзь Туміловіч і дзясяткі іншых славутых суайчыннікаў. Затое адмаўчаліся хакеісты. Відаць, цана пытання за выяўленую салідарнасць у прадстаўнікоў гэтага спорту настолькі вялікая, што нашыя хакеісты вырашылі заняць страўсіную пазіцыю.
У дзяржаве, якая дэкларуе адным з прыярытэтаў развіццё спорту, выказванне палітычнай пазіцыі ўспрынялася з боку кіраўніцтва краіны надзвычай балюча. Ужо вядома пра затрыманне і зняволенне зоркі баскетболу Алены Леўчанкі, капітана зборнай Беларусі па рэгбі Марыі Шакура. Барэц Сцяпан Папоў і пяціборац Андрэй Краўчанка распавялі ў інтэрв’ю пра пагрозы ў дачыненні да іх, якія прагучалі ад высокапастаўленых спартовых функцыянераў. Гонар Беларусі, “залатая рыбка” Аляксандра Герасіменя паведаміла пра тое, што для яе спартовай школы, у якой займаліся юныя беларусы, не знаходзіцца басейнаў.
Скандалы таксама не суціхаюць у асяроддзі самай паспяховай зборнай па фрыстайле, якая на кожнай зімовай алімпіядзе стабільна прыносіць нашай Беларусі ўзнагароды найвышэйшай катэгорыі. У Міністэрстве спорта раптам з’явіліся прэтэнзіі да нашай зорнай фрыстайлісткі Аляксандры Раманоўскай, прозвішча якой фігуравала ў спісе спартоўцаў-апанентаў улады. Таксама рэпрэсій не пазбег славуты трэнер Мікалай Казека, які вырасціў некалькі пакаленняў пераможцаў. Яго пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі, а праўладныя тэлеграм-каналы пачалі цкаванне заслужанага чалавека. Што праўда, паважаны трэнер з гумарам паставіўся да такой увагі, сказаўшы, што трошкі “дзярма” да ягонай біяграфіі не нашкодзіць.
І вось апошняя навіна. Спартовая супольнасць абмяркоўвае арышт аднаго з найбольш тытулаваных спартоўцаў і трэнераў не толькі ў Беларусі, але і ў свеце Юрыя Булата. Кажуць, што яго кінулі ў турму на 15 сутак. Гэты чалавек сам з’яўляецца легендай беларускіх адзінаборстваў, адным з першапраходцаў тайскага боксу ў краіне. Ён выгадаваў некалькіх чэмпіёнаў, у тым ліку Дзмітрыя Вараца. Абставіны затрымання знакамітага спартоўца невядомыя.
Юрый, нягледзячы на тое, што з’яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету, – вельмі адкрыты чалавек. Па-за рынгам прытрымліваецца міралюбівых поглядаў. У сеціве можна знайсці многа інтэрв’ю з Юрыем, якія ён дае на роднай мове. У адной з гутарак трэнер сказаў, што прычыны поспеху беларускіх байцоў на чэмпіянатах – у тым, што “ў нашых венах – кроў ваяроў Вялікага княства Літоўскага”. Не сумняюся, што сярод яго продкаў – мужныя і высакародныя людзі, якія не ўздымалі руку на безабаронных людзей.
“Я не звяртаю ўвагу на боль. Мне гэта не цікава. Мяне цікавіць, як перамагчы, як быць лепшым, як прышчапіць “філасофію пераможцы” да сваіх вучняў”, – гаварыў у адным з інтэрв’ю Юрый Булат. У гэтым фрагменце выказвання – апісанне метамарфозы, якую перажывае беларускае грамадства ў цяперашні час. Праз боль і страты беларусы вучацца станавіцца пераможцамі.