Пра справу Анджэя Пачобута
Палітзняволены з Гародні Анджэй Пачобут змог перадаць на волю звесткі пра тое, у чым яго абвінавачваюць. Пра гэта паведамляе польскае выданне Rzeczpospolita. Згодна інфармацыі польскіх журналістаў, актывіста ліквідаванага ўладамі Беларусі Саюза палякаў і шматгадовага аўтара многіх польскіх выданняў трымаюць за кратамі за “распальванне варожасці” і “ўзбуджэнне нянавісці”. Насамрэч жа гаворка ідзе пра ягоныя погляды на гісторыю краіны і крытычнае стаўленне да афіцыйных беларускіх уладаў, што адлюстроўваецца ў многіх ягоных публікацыях і каментарах на тэму палітычных падзей у Беларусі. Следчыя разглядзелі крымінал у выказваннях Анджэя Пачобута пра тое, што 17 верасня 1939 года СССР здзейсніў акт агрэсіі ў дачыненні да ІІ РП. Таксама яны ўгледзелі ў ягоных артыкулах у абарону польскай адукацыі ў Беларусі прыкметы распальвання варожасці. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы фігуруюць шэраг публікацый у папулярным у Польшчы выданні Gazeta Wyborcza, у якіх Анджэй Пачобут паведамляў пра жорсткае падаўленне акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Беларусі. Але самае абсурднае: да справы прыплялі яшчэ публікацыю, датаваную 2006 годам, у якой ішла гаворка пра антысавецкую польскую партызанку на тэрыторыі Беларусі. Інакш кажучы, Анджэя цкуюць за ягоныя перакананні і адвагу заставацца журналістам у краіне, якая забараніла і крыміналізавала недзяржаўную журналістыку. Нават з улікам карнага і рэпрэсіўнага заканадаўства, якое ўступіла ў сілу пасля 2020 года, пераслед за артыкул, напісаны ў 2006 годзе, – гэта па-за межамі дабра і зла.
Анджэй Пачобут мае надзвычай вялікі вопыт узаемадачыненняў з афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Яго неаднаразова арыштоўвалі, яму пагражалі, да яго дамоў прыходзілі з ператрусамі. Нягледзячы на пагрозы, ён смела крытыкаваў уладу, публікаваўся на галоўных апазіцыйных беларускіх парталах і даносіў праўду пра падзеі ў Беларусі ў польскіх медыя. Але не толькі ягоная журналісцкая дзейнасць была для ўладаў раздражняльнікам. Анджэй Пачобут — з ліку тых мясцовых палякаў, якія намагаюцца ўвесь час давесці тое, што пальшчызна на тэрыторыі Беларусі — гэта неад’емная частка нашай агульнай культуры. Зразумела, ягонае непрыманне савецкага наратыву, які цяпер стаў складнікам таталітарнай ідэалогіі рэжыму, таксама не магло не прывесці да канфлікту з уладамі. У дадзены момант, калі афіцыйны Менск запісаў у лік сваіх ворагаў польскую дзяржаву, аўтаматычна непадкантрольныя лідары польскіх арганізацый трапілі пад удар. Сярод іх і Анджэй Пачобут. Палітзняволенага трымаюць у ізаляцыі, абмяжоўваюць у перапісцы і, больш таго, не даюць магчымасці ліставацца з блізкімі на роднай для яго польскай мове.
“Уявіце сабе гісторыю пратэстаў 2020 года, напісаную Карпянковым, Караевым і Балабай. Там будзе і пра знешнюю інтэрвенцыю, і пра здраднікаў (…), і пра вернага Азаронка, і іншае. Уявілі? Дык вось, тое, чым вас кормяць як гісторыяй польскага антыкамуністычнага падполля, — гэта якраз з’яўляецца чымсьці падобным. Гэтую гісторыю пісала НКВД-МГБ СССР”, — змясціў такі допіс напярэдадні арышту Анджэй Пачобут у сваім блогу. І з такой высновай цяжка спрачацца. Беларусі яшчэ наканавана прайсці свой шлях да свабоды і аб’ектыўнага даследавання гісторыі.