Пра справу Леаніда Судаленкі



Адносна Леаніда Судаленкі вядома толькі тое, што яму інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага Кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Арышту вядомага праваабаронцы папярэднічалі ператрусы на офісе і дома, якія прайшлі 5 студзеня. Фактычна ўлада ўжо тады дала зразумець Леаніду Судаленку, што яго чакае, калі ён не спыніць сваю праваабарончую дзейнасць. У нашай апошняй з ім тэлефоннай размове Леанід Судаленка зазначыў, што ён не бачыць сябе па-за праваабаронай. І толькі ў выпадку змены палітычнага рэжыму ён, магчыма, гатовы атрымаць адвакацкую ліцэнзію. Аднак цяпер ён не жадае ніякіх пасадаў, а хоча толькі займацца ўлюбёнай справай – дапамогай людзям. “Я з радасцю іду кожны дзень на любімую працу, гатовы нават займацца ёй па выходных”, – тлумачыў праваабаронца. І сапраўды, наўрад ці ў Гомелі можна было знайсці больш вядомага юрыста за Леаніда Судаленку.

За гады функцыявання “Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы” ён дапамог сотням, калі не тысячам грамадзянаў. Спіс бясконцы тых, хто да яго звяртаўся па дапамогу: працоўныя заводаў, якім не хацелі прызнаць траўму на вытворчасці, касіркі, якіх вінавацілі ў нястачы, палітычныя актывісты, правы якіх парушаліся шматразова так званымі праваахоўнікамі, журналісты… Леанід Судаленка не баяўся брацца за абарону асуджаных на смяротнае пакаранне, за што атрымліваў пагрозы на адрас сваёй сям’і.

У 2017 годзе дзверы офіса праваабаронцы ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай не зачыняліся праз візіты сотняў грамадзянаў, якіх улады залічылі ў дармаеды паводле Дэкрэту №3. За сваю дапамогу гомельцам, якія выступалі супраць прэзідэнцкага дэкрэта, Леаніда Судаленку сталі называць “адвакатам дармаедаў”. І ён гэты неафіцыйны тытул насіў з гонарам. Пасля так званых выбараў 2020 году офіс Леаніда Судаленкі аказваў дапамогу сотням пацярпелых падчас разгонаў мірных пратэстаў у Гомелі, дапамагаў ім складаць заявы ў Следчы Камітэт. 

У 2018 годзе гомельца запрасілі ў Парыж, дзе яму ўручылі прэстыжную ўзнагароду ад урада Францыі – медаль “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за ўнёсак у абарону правоў чалавека. Зразумела, актыўнасць Леаніда Судаленкі вельмі не падабалася ўладам, якія не адзін раз ініцыявалі ў дачыненні да яго акцыі пераследу, ускладнялі яму жыццё рознымі спосабамі. За гады працы да яго 4 разы прыходзілі з ператрусам, некалькі разоў яму пагражаў крымінальны пераслед. Аднак Леанід Судаленка не адмаўляўся ад сваёй місіі.

“Я буду займацца праваабаронай да таго моманту, пакуль буду на свабодзе”, – гаварыў у апошнія дні Леанід. Ён нібыта прадчуваў, што ў дачыненні да яго фабрыкуецца крымінальная справа. Разумеючы гэта, ён падрыхтаваў артыкул, які прасіў размясціць у выпадку затрымання. У матэрыяле гаворыцца пра тое, што дапамога людзям з выплатамі штрафаў – гэта не крымінальнае злачынства. Насамрэч імкненне ўладаў абвінаваціць праваабаронцу ў арганізацыі масавых беспарадкаў – прыкладна тое самае, як абвінаваціць пажарнага ў тым, што ён тушыць пажар, які ўзнік праз чыйсьці злачынны падпал.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ