Пра справу Наталлі Хершэ і яе вызваленне



Грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання Наталля Хершэ адбыла ў турме 17 з 30 месяцаў прызначанага ёй пакарання. Прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Ільяцыа Касіс у сваім твітары напісаў: “Я рады, што дыпламатычныя высілкі Швейцарыі акупіліся.” У гэтым паведмленні — сутнасць таго працэсу, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма падчас несправядлівага зняволення Наталлі Хершэ. Увесь час пра Наталлю не забываліся швейцарскія СМІ, над ёй узяла шэфства дэпутатка Сюзанна Гізі, жанчыну наведваў сістэмна былы амбасадар Швейцарыі Клод Альтэрмат і, як мы бачым, пра яе памяталі кіраўнікі Швейцарыі розных узроўняў. У рэшце рэшт, вызваленне адбылося пасля ўручэння копій даверчых грамат ад новай амбасадаркі Крысціны Хонегер-Залатухін Уладзіміру Макею, што як бы прама ўказвае на тое, якія ўмовы ставіў афіцыйны Менск перад Швейцарыяй. Палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на бравурныя заявы, крытычна патрабуе прызнання. Асабліва каштоўным для кіраўніцтва краіны з’яўляюцца прызнанні легітымнасці з боку заходніх дзяржаваў, якія пасля так званых выбараў 2020 года паслядоўна адмаўляліся прызнаваць перамогу Аляксандра Лукашэнкі і законнасць яго улады. Пасля 2020 году дыпламатычная прысутнасць еўрапейскіх краін у Беларусі няўхільна скарачаецца. Прадстаўнікі краін ЕЗ адмаўляюцца ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, тым самым ставячы пад сумнеў яго легітымнасць. На гэтым фоне нядаўняе з’яўленне ў Менску новай амбасадаркі Швейцарыі магло б падасца дыпламатычным трыумфам улады, каб не адназначны сігнал швейцарцаў пасля вызвалення Наталлі Хершэ. Швейцарскія ўлады адкрыта даюць зразумець, што прыкладалі ўсе намаганні, каб вызваліць сваю грамадзянку з турмы, нават не звяртаючы ўвагу на тое, як будуць інтэрпрэтаваныя іх дзеянні. Зрэшты, у афіцыйным паведамленні прэзідэнта Швейцарскай Канфедэрацыі нездарма быў выкарыстаны дзеяслоў “акупіцца”, які сведчыць пра тое, што працэс вызвалення меў шмат супольнага з гандлем.

Наталля Хершэ, нараджэнка беларускай Оршы, з’ехала ў Швейцарыю ў 2009 годзе. Там зрабіла неблагую кар’еру. Аднак увесь гэты час не забывалася на радзіму. Калі ў Беларусі выбухнулі рэкордныя пратэсты ў 2020 годзе, яна ўзяла адпачынак, каб на свае вочы ўбачыць гістарычныя падзеі. Восенню 2020 году, пасля аднаго з жаночых маршаў, калі сілавікі пачалі затрымліваць удзельніц шэсця, яна паспрабавала сарваць балаклаву з байца АМАП, за што спачатку яе пакаралі адміністрацыйным арыштам, а потым перакваліфікавалі на артыкул 363 Крымінальнага кодэксу (аказанне супраціву супрацоўніку праваахоўных органаў). У судзе жанчыне вынеслі вырак у 2,5 гады калоніі. Неўзабаве яе прызналі палітзняволенай. Свой тэрмін зняволення яна пачала адбываць у гомельскай жаночай калоніі, дзе адмовілася шыць адзенне для міліцыянтаў. Таксама, абараняючы правы, яна абвяшчала галадоўку. За гэта яе неаднаразова каралі змяшчэннем у карцар. У выніку, пасля дадатковага суда, перавялі ў магілёўскую турму. Нягледзячы на пастаянны прэсінг, Наталля адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні. І вось, дзякуючы сістэмнай працы швейцарскай дзяржавы, палітзняволеная выйшла на волю. Кабета на фотаздымках выглядае стомленай, схуднелай, але пры гэтай нязломленай. У сваім няроўным двубоі з дзяржавай Наталля Хершэ, хай і з дапамогай швейцарскай дыпламатыі, выйшла пераможцай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ