Пра сумны выступ Віктара Бабарыкі
Праглядзеў амаль паўтарагадзінны запіс сустрэчы прэтэндэнта на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі з сябрамі ініцыятыўнай групы. Уражанне сумнае, калі не сказаць больш. Разумеючы цудоўна, што Віктар Бабарыка цалкам сабе сімпатычны чалавек з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, не магу, аднак, аніяк абмінуць пытанні, якія выклікаюць сама менш здзіўленне. Асноўнае – ва ўсім ягоным выступе многа пытанняў менеджменту і практычна няма месца Беларусі. Такое адчуванне, што выступае не патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты сярэдняй еўрапейскай краіны, а прэтэндэнт на крэсла губернатара ў якой-небудзь расейскай правінцыі.
Калі б мы не жылі ва ўмовах аўтарытарызму ў апошнюю чвэрць стагоддзя, то можна было б бясконца слухаць развагі “рыначніка” пра эфектыўны менеджмент, перавагі страхавой медыцыны і формы ўласнасці на прадпрыемствы. Упэўнены, што некалі на нацыянальным узроўні беларусы будуць актыўна абмяркоўваць тое, як зрабіць нашую мадэль гаспадаркі больш эфектыўнай. У цяперашні час ад прэтэндэнта чакаецца іншае: ягоныя прапановы па тым, як ажыццявіць трансфармацыю ўлады. І гэтыя словы не абавязкова павінны быць ваяўнічымі. Махатма Гандзі, Лех Валенса, Марцін Лютар Кінг і іншыя людзі, якія мянялі наш свет да лепшага ў ХХ стагоддзі, не былі крыважэрнымі, але прапаноўвалі сваё бачанне і сваім прыкладам натхнялі прыгнечаных на змаганне за свабоду.
У выказваннях Віктара Бабарыкі – пакорлівасць і заклікі да падпарадкавання. Чаго варты толькі прыклад, як ён, дарослы мужчына, бацька, паспяховы бізнесмен, падаткаплацельшчык і грамадзянін, знаходзячыся на галоўнай плошчы Менска на нейкае свята, падпарадкаваўся абсурднаму патрабаванню міліцыянта. “Нельга стаяць на месцы, трэба ісці”, – загадаў міліцыянт. І будучы кандыдат пайшоў. Ён, вядома, згадаў гэты прыклад, каб прадэманстраваць сваю законапаслухмянасць. Маўляў, суворы закон, але закон. Але штосьці я асабіста не прыгадваю такой нормы ў адміністрацыйным праве, якая забараняла б грамадзянам спыняцца на галоўнай плошчы падчас святкаванняў. Страшна ўявіць, куды павядзе краіну новы лідар, калі яму загадае які-небудзь “глабальны жандар”.
Аднак зусім не адсутнасць рашучасці бянтэжыць у Бабарыку. На фоне нязменнага правадыра, які заўжды рады прадэманстраваць да месца і не да месца сваю “жалезную рашучасць”, чалавечны і мяккі Бабарыка якраз падкупляе. Але, калі пасадзіць любога сімпатычнага чалавека на пасаду з такімі паўнамоцтвамі, як у Аляксандра Рыгоравіча, ён праз некалькі тыдняў можа ўвайсці ў смак. І тады нас чакае новая дыктатура, толькі пад іншым соусам. Чамусьці ніводзін прэтэндэнт, у тым ліку “дэмакратычны банкір”, не гаворыць пра скасаванне інстытуту прэзідэнцтва, які ў 9-мільённай краіне выглядае атавізмам. І, самае галоўнае, ніхто з іх не гаворыць пра канстытуцыйную рэформу. Альбо, на скрайні варыянт, вяртанне да Канстытуцыі ўзору 1994 году з наданнем паўнамоцтваў дэпутатам апошняга дэмакратычна абранага парламента. Яны маглі б падрыхтаваць праект зменаў у Канстытуцыю і зрабіць тыя праўкі, якія б не дапусцілі рэстаўрацыі аўтарытарызму ў будучыні. А пакуль што мы назіраем трагіфарс пад назвай выбары. Фарс, бо цяперашнія прэтэндэнты не даюць арыенціраў грамадству. Трагедыю, бо чарговая пяцігодка для цэлай нацыі будзе страчанай.