Пра супрацьстаянне з чыноўнікамі сістэмы адукацыі



Для забеспячэння канстытуцыйнага права на карыстанне роднай мовай для сваёй дачкі гамяльчук Сяргей Макрэнка спачатку вёў перапіску з адміністрацыяй бліжэйшай школы і чыноўнікамі гарвыканкама. Калі гэтыя спробы ні да чаго не прывялі, ён падаў у суд. У лістападзе 2018 года ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля адбыўся разгляд пазову Сяргея Макрэнкі. Суддзя прагназавана падтрымаў пазіцыю адказчыкаў (дырэктаркі Таццяны Даманчук і прадстаўнічкі аддзела адукацыі гарвыканкама Алены Рэзнік), якія салідарна выступілі супраць стварэння беларускамоўнага класу для першакласніцы. Гэтае рашэнне было аргументавана дзвюма прычынамі. Па-першае, у школе нібыта няма тэхнічнай магчымасці арганізаваць навучальны працэс для адной вучаніцы. Па-другое, чыноўніцы выказалі занепакоенасць тым, што індывідуальнае навучанне па-беларуску негатыўна адаб’ецца на сацыялізацыі дзіцяці. У такіх адказах добра адлюстраванае крывадушнае стаўленне дзяржавы да канстытуцыйных правоў прадстаўнікоў тытульнай нацыі, калі відавочна дыскрымінацыйнае рашэнне (грошай няма) абумоўленае нейкімі міфічнымі клопатамі пра дзіця.

Негатыўнае рашэнне суда першай інстанцыі ў Гомелі не адахвоціла Сяргея Макрэнку далей змагацца за свае канстытуцыйныя правы. Як і было анансавана раней, ён падаў скаргу на судовае рашэнне ў Абласны суд. Чыста з прававога гледзішча грамадзянін стоадсоткава мае рацыю, паколькі беларускамоўныя ў нас пазбаўленыя роўных магчымасцей на рэалізацыю права на адукацыю на роднай мове.

Пазіцыя пазоўніка падмацаваная канкрэтнымі артыкуламі Канстытуцыі, Законам “Аб мовах” і шэрагам палажэнняў Кодэкса “Аб адукацыі”. У прыватнасці, у артыкуле №50 Канстытуцыі зазначаецца: “Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін ― дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы, выхавання і навучання”.

На практыцы ж прадстаўнікі адміністрацыі навучальных установаў спасылаюцца на адсутнасць ахвочых „навучацца па-беларуску”. Перад беларускамоўнымі бацькамі ставіцца задача „знайсці пэўную колькасць сем’яў, якія б пагадзіліся на адукацыйны працэс па-беларуску”. Гэтае патрабаванне, як і галасаванне бацькоў адносна мовы выхавання напярэдадні пачатку навучальнага году, не прапісана ў нарматыўных актах. Апроч таго, адмова аддзелаў адукацыі ў адкрыцці новых беларускамоўных класаў на падставе “недастатковай колькасці” ахвотных наўпрост супярэчыць некалькім артыкулам Закона „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. У артыкуле 21 Закона „Аб мовах” зазначаецца, што „права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару…”. Такім чынам, нежаданне адказных службовых асобаў ісці насустрач пажаданню бацькоў адносна выбару мовы навучання і выхавання іх дзяцей з’яўляецца прамым парушэннем дзейнага заканадаўства Беларусі. 

Самае абсурднае, што ўлады ў размовах з прадстаўнікамі грамадскасці сцвярджаюць, што яны насамрэч выступаюць за беларускую мову. Толькі чамусьці на справе выходзіць так, што рускамоўныя класы дзейнічаюць апрыёры. Для іхняга адкрыцця бацькам не трэба самім шукаць рускамоўныя сем’і, весці перапіску з адзеламі адукацыі ці марнаваць час і сілы на судовыя цяжбы. Дзіўным выглядае і тое, што гомельскія ўлады прыкрываюцца тэрмінам “сацыялізацыя” пры адмове для адкрыцця беларускамоўнага класа. Сацыялізацыя, як вядома, – гэта ўваходжанне асобы ў сацыяльны асяродак праз авалоданне сацыяльнымі нормамі і каштоўнасцямі. У гэтым плане паўстае пытанне, якімі каштоўнасцямі будзе авалодваць дзіця, калі для яго ўлады не знайшлі магчымасць адкрыць клас на мове навучання тытульнай нацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ