Пра сёлетні Дзень Волі 



Дзень Волі 2021 праходзіць на фоне беспрэцэдэнтнага ціску дзяржавы на грамадзянскую супольнасць, палітычны сектар і польскую нацыянальную меншасць. Маштаб рэпрэсій у дачыненні да грамадзян Беларусі настолькі вялікі, што ўсе размовы пра “Год еднасці”, якія гучаць з вуснаў прадстаўнікоў улады, выглядаюць насмешкай. Калі прааналізаваць не словы, а дзеянні кіраўніцтва краіны, відавочна, што ўзяты курс на раскол беларускага грамадства.

У 2018 годзе, калі па ўсёй Беларусі, у святкаванні Дня Волі ўдзельнічалі дзясяткі тысяч людзей, вельмі актуальным было пытанне фармату адзначэння даты. Пасля працяглых і бескампрамісных дыскусій беларускі палітыкум падзяліўся на два лагеры: прыхільнікі актыўных пратэстовых дзеянняў і арганізатары культурніцкай імпрэзы. 100-гадовы юбілей БНР і перыяд часовага палітычнага зацішша паўплываў на выбар большасці актыўных грамадзянаў, якія аддалі перавагу менавіта святкаванню. У выніку, на пляцоўцы каля Опернага тэатру ў Менску прайшла рэкордная для тых часоў акцыя, марафон у некалькі гадзінаў, падчас якога вядомыя шоумены, музыкі, палітыкі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы віншавалі са сцэны беларусаў з круглай датай. Галоўнае дасягненне той акцыі – гэта ўражвальныя карцінкі аграмаднай масы людзей, якая пачынала верыць у тое, што яны – прадстаўнікі калі не большасці, то вялікай часткі грамадства. Каб не магутны імпульс ад свята БНР у сакавіку 2018 года, хутчэй за ўсё, мы б не ўбачылі абуджэння беларускага грамадства ў жніўні 2020-га. Беларусы паверылі ў свае сілы і ў якасці пратэстовых сімвалаў узялі сцяг БНР і герб “Пагоня”.

Дадатковым пазітывам ад таго канцэрту стала адчуванне перамогі, якога так бракавала нацыянальна-дэмакратычным сілам цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Па сутнасці, мы ўбачылі правобраз таго, як будзе адзначацца Дзень Волі ў свабоднай краіне. Калі эпізоды змагання з аўтарытарызмам стануць здабыткам гісторыі, няма сумневу, што Дзень Волі пераўвасобіцца ў нефармальны агульнанацыянальны фэст. А энергетыка свята будзе параўнальнай хіба што з ірландскім Днём святога Патрыка.

У 2021 годзе беларусам не да святкаванняў. Калі па ўсёй краіне поўным ходам раскручаны махавік рэпрэсій, а з тэлеэкранаў льюцца патокі хлуслівай прапаганды, якая ачарняе айцоў-заснавальнікаў БНР і іх сімвалы, вялікага энтузіязму да адзначэння свята няма. Разам з тым, няўклюдныя дзеянні ўлады ў справе змагання з іншадумствам і сімваламі пратэсту выклікаюць у пазасталай часткі народу дыяметральна супрацьлеглую рэакцыю, чымся тое, на што разлічваюць сілавікі. Разам з непрыманнем метадаў змагання з прыхільнікамі пераменаў у вялікай частцы насельніцтва выспявае патрэба ў вывучэнні нацыянальнай гісторыі і культуры, што прыводзіць да ўспрымання Дня Волі ў якасці свайго свята. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ