Пра тое, чаму асоба Зельцара рве шаблоны прапагандыстам



Здавалася, пасля брутальных разгонаў масавых пратэстаў і рэпрэсій супраць мірных удзельнікаў акцый, пасля прымусовай пасадкі самалёта, пасля інцыдэнта з Раманам Бандарэнкам і іншых сумных здарэнняў, якія мелі месца за апошні год, беларусаў нічым не здзівіць. Але з кожным днём у Беларусі адбываюцца рэчы, якія сведчаць пра тое, што “дна няма”, а сістэма вось-вось “пойдзе ў разнос”.

Прэс-службы сілавых ведамстваў паведамляюць пра трагічны выпадак падчас аднаго з рэйдаў уладаахоўнікаў, якія вось ужо цягам году ходзяць з ператрусамі па кватэрах апанентаў рэжыму. У адной з кватэр па вуліцы Якубоўскага сілавікоў, якія без жалезных прававых падставаў выбілі дзверы з мэтай пранікнення ў прыватнае жыллё, чакаў узброены паляўнічай стрэльбай чалавек. Малады мужчына адкрыў стральбу, у адказ на якую прагучалі стрэлы з боку людзей у цывільным. У выніку страляніны загінуў гаспадар кватэры, праграміст вядомай it-кампаніі, Андрэй Зельцар. Другой ахвярай стаў супрацоўнік КДБ, прычым элітнага падраздзялення “Альфа”. У абодвух беларусаў засталіся ўдовы і малагадовыя дзеці.

Калі пра асобу ўладахоўніка вядома параўнальна мала, то пра пацярпелага Андрэя Зельцара якраз дастаткова інфармацыі ў свабодным доступе. У сацыяльных сетках — безліч фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны ўсмешлівы і паспяховы маладзён. Нават беглага азнаямлення з усімі даступнымі дадзенымі хапае, каб скласці ўяўленне пра праграміста. Як вынікае з тых звестак, якія змаглі знайсці незалежныя журналісты, чалавек, які аказаў супраціў супрацоўнікам, з’яўляецца для афіцыйнай прапагандай вельмі нязручнай постаццю. Ягоны ўчынак, роўна як і яго біяграфія, супярэчаць чалавеканенавісніцкім устаноўкам пра тое, што сярод апанентаў улады – спрэс тэрарысты, нацыяналісты, асацыяльныя асобы і ўвогуле прадстаўнікі маргінальных плыняў.

З характарыстык аднакласнікаў, суседзяў, сваякоў, калег па працы вынікае, што Андрэй Зельцар быў добрым і стрыманым чалавекам, не дазваляў сабе крайнасцей. У працоўнай кар’ёры, нягледзячы на малады век, дабіўся дастаткова высокіх вынікаў, стаўшы адным з вядучых аналітыкаў у топавай ІТ-кампаніі. Андрэй займаўся выхаваннем 8-гадовага сына, вёў актыўнае грамадскае жыццё. Акрамя гэтага, займаўся з дзяцінства спортам (фехтаваннем і бегам). Словам, мы маем перад вачыма вобраз узорнага грамадзяніна і сем’яніна.

Яшчэ адным нечаканым для прапаганды пунктам з’яўляецца тое, што грамадзянін, які аказаў супраціў сілавікам, не звязаны ніяк з апазіцыйнымі рухамі. Прынамсі, на гэты момант пра такія сувязі нічога не вядома. Адзінае, што ўказвае на ягоную “апазіцыйнасць” — гэта паведамленне ў сацыяльных сетках, якое ён апублікаваў яшчэ ў жніўні 2020 года.

Што да выкарыстання мужчынам зброі падчас спецаперацыі, то Андрэй Зельцар легальна валодаў паляўнічай стрэльбай, плаціў рэгулярна дзяржаўныя пошліны. То бок, тут таксама нельга выкарыстаць факт наяўнасці зброі для дыскрэдытацыі чалавека.

Падсумоўваючы, у асобе Андрэя Зельцара мы бачым чалавека, які менш за ўсё адпавядае шаблону “баевіка-нацыяналіста”. Больш за тое, у вачах грамадства бясконцыя і неапраўданыя рэйды сілавікоў па кватэрах добрапрыстойных грамадзян усё больш набываюць рысы тэрору, які, відавочна, не можа знайсці падтрымку ў большасці. Гэта азначае, што прапаганда, як бы яна не імкнулася сфармаваць у вачах грамадства вобраз “псіхапата са стрэльбай”, не даб’ецца пастаўленых мэтаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ