Пра тое, чаму беларусам і ўкраінцам варта цікавіцца друг другам



Ва ўкраінскім сегменце ютуба апошнімі днямі папулярныя блогеры апублікавалі некалькі рэзанансных відэа, у якіх аўтары задаюцца пытаннямі, кім для іх з’яўляюцца беларусы: ворагамі, сябрамі, суседзямі… Некаторыя блогеры ідуць шляхам аналізу цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, спрабуючы зразумець, як так сталася, што 24 лютага паўночны кардон перайшлі бесперашкодна расейскія войскі. Іншыя намагаюцца прасачыць гістарычны шлях беларускага народу, вылучыць пэўныя заканамернасці, убачыць сувязі паміж беларусамі і ўкраінцамі. Словам, украінскія інтэлектуалы намагаюцца ў дадзены момант зразумець беларускі народ, імкнуцца ўсвядоміць, як ім далей з намі жыць. Развіваючы свае сюжэты, некаторыя з аўтараў прыходзяць цалкам да прадказальных высноваў, што беларусы, аказваецца, маюць з імі вялікую супольную гісторыю, у тым ліку і вопыт агульнай абароны ад знешніх ворагаў. Былі ў нас і трагічныя старонкі ўзаемадачыненняў, але ўсё роўна куды больш падобнага.

Яшчэ больш цікава чытаць каментары ўкраінскіх карыстальнікаў пад відэасюжэтамі пра нашую краіну. У асноўным гэтыя паведамленні можна падзяліць на дзве групы. Першыя спрабуюць распаўсюдзіць прынцып калектыўнай адказнасці на ўвесь беларускі народ. Такое адчуванне, што яны і не глядзелі відэаматэрыял, пад якім актыўнічаюць. І не асабліва верыцца ў тое, што ўсе падобныя па стылістыцы беларусафобскія выказванні пакідаюць крамлёўскія боты. Сапраўды ладная частка ўкраінскага грамадства ва ўмовах вайны, арганізаванай РФ ва Украіне, не спрабуе разбірацца ў нюансах беларускай унутрыпалітычнай сітуацыі. І гэтых людзей у нечым зразумець можна. Другая вялікая група пасля прагляду сюжэтаў пра беларуска-ўкраінскія стасункі здзіўляецца жорсткасці беларускай дыктатуры і ўвогуле здзіўляецца таму, што, аказваецца, беларусы не такія ўжо мяккацелыя і церпялівыя, калі ўлічыць дзесяцігоддзі нашага змагання за дэмакратыю. Такім чынам, дыскусія, нягледзячы на ракетныя ўдары і вайну, працягваецца. Часам яна мае дастаткова балючы для нас характар, але ўсё ж працэс разумення беларускай сітуацыі з боку ўкраінцаў працягваецца. Больш за тое, калі раней паўднёвыя суседзі і іх інтэлектуальныя эліты ігнаравалі Беларусь, цікавіліся збольшага еўрапейскім вектарам, што было абумоўлена геапалітычным выбарам дзяржавы і скіраванасцю лідараў меркаванняў. То цяпер яны пачалі рэфлексаваць наконт таго, як так сталася, што ўкраінскае грамадства, па сутнасці, мела больш ведаў пра Захад, чым пра Беларусь. Вельмі добра, што справа вывучэння нашай краіны зрушылася з месца. Вельмі кепска, што штуршком да спазнання Беларусі стала вайна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ