Пра тое, што беларусафобы не дачакаюцца



Рэжым не спыняецца ў знішчэнні грамадзянскай супольнасці. 22 ліпеня многія грамадскія дзеячы са здзіўленнем прачыталі, як органы ўлады фактычна ў аднабаковым парадку ліквідавалі дзясяткі прадэмакратычных аб’яднанняў. Як правіла, прычыны закрыцця структур маюць фармальны характар, а на выпраўленне заўваг рэгістравальныя органы не пакідаюць часу. Сярод прымусова закрытых аб’яднанняў – паспяховыя экалагічныя, праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі. Але асобна ад усіх гэтых НДА стаяць курсы “Мова Нанова” – установа, якая мела больш за 15 філій па ўсёй краіне і курсы якой штотыдзень наведвалі сотні слухачоў. У многіх райцэнтрах і абласных гарадах “Мова Нанова” аб’ядноўвала не толькі прыхільнікаў роднага слова, але і стварала супольнасць неабыякавых людзей. Фантастычны поспех гэтай арганізацыі, якая куды больш эфектыўна спраўлялася з роляй папулярызацыі роднага слова і культуры за профільнае Міністэрства культуры, абумоўлены перш за ўсё энергіяй і самаадданасцю заснавальнікаў курсаў – філолага Алесі Літвіноўскай і грамадскага дзеяча Глеба Лабадзенкі. Можна не сумнявацца, што сапраўднай прычынай закрыцця “Мова Нанова” сталі не “факты пазастатутнай дзейнасці”, якія нібыта ўгледзелі ліквідатары з Мінюста на сайце “Мова Нанова”, а тое, што беларусы масава хадзілі на заняткі, падтрымлівалі сваю ініцыятыву як толькі маглі.

З ліквідацыяй “Мова Нанова” так званая ўлада паказала беларусам чарговы раз сваю антыбеларускую сутнасць. У іншай краіне кіраўніцтва ўсяляк бы спрыяла развіццю такіх арганізацый, якія робяць справу за дзяржаву ў сферы культуры. Але ў беларускім выпадку, калі справа дайшла да “зачысткі”, чыноўнікі расправіліся з незразумелай ім культурніцкай установай. Калі ў ранейшы час ім даводзілася цярпець, сцяўшы зубы, існаванне паспяховых беларускамоўных курсаў, то цяпер яны вырашылі адным стрэлам забіць у тым ліку і самую народную грамадскую арганізацыю Беларусі.

Нельга сказаць, што і раней курсы “Мова Нанова” існавалі ў зручных умовах. За гады існавання ўстановы вядоўцы курсаў у розных гарадах могуць прыгадаць дзясяткі выпадкаў, калі мясцовая вертыкаль перашкаджала ў дзейнасці арганізацыі. Часта на пустым месцы ўзнікалі праблемы з памяшканнем, на некаторыя заняткі перыядычна завітвалі прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія прыходзілі яўна не для таго, каб падвысіць узровень валодання першай дзяржаўнай мовай. Аднак усё роўна ўпартыя “мовананоўцы” знаходзілі магчымасць займацца важнай для іх дзейнасцю нават у неспрыяльных умовах.

Закрыццё “Мова Нанова”, насуперак чаканням улады, будзе мець адваротны эфект. Прыхільнікі беларускай мовы цяпер атрымалі выразны сігнал ад дзяржавы адносна таго, што развіццё мовы – у іх асабістых руках. Цяпер мова становіцца не толькі сродкам камунікацыі беларускамоўных, але і аб’ядноўваючым фактарам для прыхільнікаў пераменаў. Размаўлялі, размаўляем і будзем размаўляць. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ