Пра тое, што не так з Днём народнага адзінства



17 верасня 2021 года ў Беларусі на дзяржаўным узроўні будзе адзначацца Дзень народнай еднасці. У аснове новага дзяржаўнага свята – падзеі 1939 году, калі Чырвоная армія перакрочыла мяжу даваеннай Польшчы, у выніку чаго да БССР далучылі Заходнюю Беларусь.

Новы “чырвоны дзень календара” будзе адзначацца маштабна, хоць і не стане паўнавартасным выходным. Пра гэта сведчыць масавае бамбардаванне насельніцтва інфармацыяй праз усе магчымыя прапагандысцкія каналы. Да арганізацыі свята таксама далучаныя дзяржаўныя інстытуцыі: музеі і бібліятэкі рыхтуюць тэматычныя вечары, на фасадах некаторых будынкаў у абласных гарадах з’явяцца графіці на тэму адзінства краіны… Словам, улада імкнецца зрабіць новае свята ўсеагульным. Ці стане Дзень народнай еднасці папулярным у беларусаў?

Здаецца, ідэю заснавання свята, якое заклікае да еднасці, павінна вітаць большасць грамадзянаў, якім неабыякавы лёс краіны. Бо сапраўды немагчыма ўявіць Беларусь без Гародні, Берасця, Нясвіжа і Міра. Аднак такое свята можа стаць папулярным толькі пры ўмове, што існуе грамадская згода наконт разумення тых падзей, якія ляжаць у аснове Дня народнай еднасці. Тут варта адзначыць, што беларусы ў асноўнай масе ўвогуле цьмяна ўяўляюць тое, што адбывалася 80 з гакам гадоў таму на нашых землях. Больш таго, у насельніцтва, скажам, Усходняй Беларусі, дзе няма нават ніводнай вуліцы ў гонар 17 верасня, дадзеная падзея не выклікае ніякіх эмацыйных рэакцый. Памятаю, як у 2009-м, з нагоды 70-годдзя далучэння Заходняй Беларусі, праводзіў апытанку сярод гомельцаў. З некалькіх дзясяткаў рэспандэнтаў толькі адзін чалавек зразумеў, пра што ўвогуле вядзецца гаворка. Майму суразмоўцу было за 80 гадоў, таму ён, пакорпаўшыся ў памяці, даволі хутка рэканструяваў падзеі верасня 1939 года. “Аніяк асабліва не святкавалі тое далучэнне ў Гомелі. Мы ведалі, што нібыта пад Польшчай жывецца беларусам кепска, але больш нічога. Калі дазналіся пра тое, што нас аб’ядналі, я ўзяў бацькоўскую стрэльбу. Потым з братам за горадам зладзілі невялічкі салют, пастраляўшы ў паветра. Вось і ўсё святкаванне…”, – распавёў ссівелы стары. Дадзены ўспамін паказвае, што жыхарам усходняй часткі Беларусі Дзень народнай еднасці ўвогуле мала зразумелы, паколькі не звязаны з асабістай гісторыяй. Што да насельніцтва Заходняй Беларусі, то гісторыі іх сем’яў захоўваюць часта трагічныя ўспаміны пра рэпрэсіі, якія абрынуліся на мірнае насельніцтва пасля 1939 года. Многія беларусы, карані якіх – з тэрыторый міжваеннай Польшчы, згадваюць пра прымусовую калектывізацыю і галечу, якую прынеслі з сабой “вызваліцелі”. Такім чынам, мы бачым, што сярод беларусаў розных рэгіёнаў няма адзінства ва ўспрыманні падзей 17 верасня 1939-га: ад абыякавага да насцярожана-негатыўнага.

Наўрад ці дадасць папулярнасці святу тое, што яно мае выразна антыпольскі характар. У той час як многія беларусы ставяцца да Польшчы пазітыўна, улічваючы супольныя старонкі гісторыі дзьвюх краін, культурныя і сваяцкія сувязі і, самае галоўнае, зайздросныя гаспадарчыя поспехі суседзяў апошніх дзесяцігоддзяў. Адпаведна, імкненне ўладаў зарабіць палітычны капітал на распальванні супрацьстаяння з Польшчай не знойдзе падтрымкі масаў.

Апрача гэтага, крытычнае стаўленне беларусаў да навастворанага свята можа быць выклікана тым, што яно прапаноўваецца людзьмі з умоўнай легітымнасцю. Гэта значыць, любая ініцыятыва, нават самая годная, якая ў гэты момант насаджаецца зверху, будзе ўспрымацца істотнай часткай насельніцтва ў штыхі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ