Пра тое, што здарыцца, калі Ціханоўская атрымае Нобеля



Калі ў 2015 годзе шведскія акадэмікі ўганаравалі пісьменніцу Святлану Алексіевіч Нобелем, беларускае грамадства адрэагавала па-рознаму. Улада праігнаравала падзею па зразумелых прычынах. Крытыкі лаўрэаткі пазласловілі пра тое, што прэмія дэвальвавалася. Але ўсё ж мэйнстрымам стала тое, што большасць беларусаў адчула гонар за зямлячку, творчасць якой ацанілі на глабальным узроўні. У тыя дні энтузіязм ахапіў многіх. Беларусы віншавалі пісьменніцу ў сацсетках зваротамі, калектыўнымі лістамі, здымалі адмысловыя відэаролікі. Словам, пазітыўная рэакцыя грамадства кампенсавала шматзначнае маўчанне дзяржавы. Наяўнасць сваёй Нобелеўскай лаўрэаткі ў галіне літаратуры, якая, да таго ж, выступае за суверэнітэт Беларусі, асуджае неаімперыялізм Крамля і падтрымлівае прыхільнікаў пераменаў, натхняе беларусаў, якія, дзякуючы сваёй набеліянтцы, сталі менш камплексаваць на фоне суседзяў.

У 2021 годзе адным з асноўных прэтэндэнаў на Нобелеўскую прэмію міра з’яўляецца таксама беларуска – экс-кандыдатка на “выбарах” 2020 года Святлана Ціханоўская. Пра высокія шансы на атрыманне Нобеля мы разважалі некалькі дзён таму. У дадзеным выпадку хацелася б акцэнтаваць увагу на гіпатэтычнай сітуацыі, калі прадстаўніца Беларусі ўсё ж будзе пераможцай. Што гэта дасць беларусам, якія працягваюць выступаць за дэмакратычныя перамены?

Насуперак усім скептычным меркаванням, якія агучваюцца на адрас Святланы Ціханоўскай, менавіта гэты палітык разглядаецца на Захадзе як легітымны прадстаўнік беларускага народу. Пра яе падтрымку на самым высокім узроўні сведчаць статусныя сустрэчы з прэзідэнтамі і кіраўнікамі ўрадаў дэмакратычнага свету. Вобраз кабеты, якая за некалькі месяцаў з “хатняй гаспадыні” пераўтварылася ў сімвал перамен у Беларусі, надзвычай кінематаграфічны і вельмі зручны для прасоўвання ў медыях. Адпаведна, ушанаванне Святланы Ціханоўскай прэстыжнай прэміяй прынясе і самой лідарцы, і беларусам мноства дадатковых козыраў. Як бы хто ні казаў, але ў вачах беларусаў атрыманне Нобеля аўтаматычна ўздымае аўтарытэт лаўрэата. Апроч гэтага, наданне Святлане Ціханоўскай узнагароды стане дадатковай сімвалічнай абаронай, знакам, што ўсе высілкі і ахвяры, на якія пайшлі людзі ў апошнія дзесяцігоддзі, не былі марнымі. Для тых, хто змагаецца, важна разумець, што пра іх не забываюць.

Што да рэакцыі рэжыму на магчымае атрыманне Нобеля, то ідэолагам і прапагандыстам не пазайздросціш. Ім давядзецца прыкладаць максімум высілкаў на тое, каб нейтралізаваць інфармацыйны эфект ад таго, што апанентка кіраўніка дзяржавы прызнаная на сусветным узроўні. Больш за тое, асабліва складана будзе ігнараваць той факт, што другі запар нобелеўскі лаўрэат з Беларусі ніяк не згадваецца ў афіцыйных крыніцах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ