Пра тое, ці  паўторыцца 2020-ы год



З набліжэннем даты правядзення так званага рэферэндуму ўсё часцей гучаць меркаванні пра розныя формы ўдзелу альбо няўдзелу. Апалагеты байкоту (у асноўным прыхільнікі лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка) паўтараюць шматгадовыя тэзісы пра тое, што рэжым зацікаўлены ў максімальным удзеле беларусаў у галасаванні. Сыходзячы з такой логікі, заклікі да ўдзелу ў выбарах, незалежна ад мэтаў і формаў, — гэта сама меней вада на млын улады. Нават больш — “маскоўская правакацыя”, бо менавіта актыўны ўдзел беларусаў у “выбарах” 2020 году справакаваў маштабныя пратэсты, чым скарысталася ў далейшым Масква, абмежаваўшы суверэнітэт беларускай дзяржавы. У такой пазіцыі, зрэшты, нічога істотна новага. Вось ужо два дзесяцігоддзі прыхільнікі байкоту паўтараюць практычна аднымі тымі ж словамі пра шкоднасць удзелу, калі не лічаць галасы і калі няма незалежных назіральнікаў. За гэты час прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі выкарыстоўвалі розныя метады палітычнай барацьбы, у тым ліку байкот, але ніводнага разу гэтая стратэгія не прынесла значнага плёну. Кожная выбарчая кампанія, пачынаючы з 2001 году праходзіла пад знакам заўчаснай паразы, што выклікала дэпрэсію ў пасіянарнай часткі насельніцтва. Рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад “байкоту” было ані халодна, ані цёпла.

У 2020 годзе прадстаўнікі “новай апазіцыі” абралі кардынальна іншую стратэгію. Яны зрабілі стаўку на так званае “апракідваючае галасаванне” альбо электаральную рэвалюцыю. Сутнасць дадзенага падыходу ёміста сфармуляваў прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду, цяперашні палітзняволены, Віктар Бабарыка. Палітык заявіў, што волю народа немагчыма сфальсіфікаваць, маючы на ўвазе ўсё тую ж электаральную рэвалюцыю. Аб’яднаны штаб, які працаваў на карысць Святланы Ціханоўскай, заклікаў грамадзянаў масава прыйсці на выбары і абараніць свае галасы любымі законнымі спосабамі. І гэтая прапанова знайшла водгук у насельніцтва. Пасля 9 жніўня 2020 года па ўсёй краіне пракацілася хваля рэкордных пратэстаў, на якіх грамадзяне спрабавалі мірным чынам абараніць свае галасы. Менавіта абурэнне тым, што іх галасы не былі ўлічаныя, сталі тым каталізатарам, які вывеў беларусаў з палітычнае спячкі. Па сутнасці, новым дэмакратычным палітыкам удалося насамрэч мабілізаваць беларусаў, што ў іншай сітуацыі прывяло б да перамогі, як тое было, напрыклад, у 1989 годзе ў Польшчы, калі Лех Валенса выйграў у Войцэха Ярузельскага. Альбо ў тым жа годзе ў СССР, калі падчас выбараў народных дэпутатаў мандаты атрымалі вядомыя дэмакратычныя палітыкі, што паскорыла падзенне камуністычнай дыктатуры. У сітуацыі Беларусі 2020 году максімальны ўдзел народу ў выбарах і падтрымка альтэрнатыўных уладзе фігур не прывяла да перамогі па наступных прычынах: рэжым Аляксандра Лукашэнкі быў маналітным, меў рэсурсы для працяглага змагання і, што самае галоўнае, ягоны лідар змог праявіць больш прагі да перамогі, чым ягоныя апаненты.

У 2022 годзе прадстаўнікі некалькіх эміграцыйных штабоў ізноў у спадзеве паўтарыць эфект выбарчай кампаніі 2020-га прапаноўваюць беларусам масава прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Аднак праходзіць гэтыя выбары будуць у вельмі неспрыяльных для прыхільнікаў дэмакратыі ўмовах (пры адсутнасці на свабодзе папулярных лідараў, пры разгромленых СМІ і структурах грамадзянскай супольнасці, пры прысутнасці чужой арміі на тэрыторыі і, самае галоўнае, пры працягу рэпрэсій з боку дзяржавы). У такіх умовах разлічваць на паўтарэнне поспеху 2020 году малаверагодна. Аднак можна прагназаваць, што рэферэндум стане адпраўным пунктам для перафарматавання сілаў як унутры рэжыму, так і ў лагеры апазіцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ