Пра тое, ці варта ліць ваду на млын прапаганды?



Беларуская дзяржпрапаганда мяняе аргументы ў супрацьстаянні з Польшчай. Абсалютна прадказальна, што пасля правалу гісторыі з нелегальнай міграцыяй у лаяльнай прэсы з’явіліся іншыя прэтэнзіі да Варшавы. Байцам інфармацыйнага фронту давялося тэрмінова намацваць новыя балючыя пытанні, каб нанесці іміджавую шкоду суперніку, паколькі гісторыі жаўнера Эміля Чэчкі пра зверствы ў дачыненні да мігрантаў, мякка кажучы, не выклікаюць даверу нават у самых адданых адэптаў дзяржСМІ.

Новыя закіды беларускай прапаганды датычаць парушэнняў экалагічных нормаў пры ўзвядзенні 5-метровага плота праз Белавежскую пушчу. Дзяржканалы пачалі ўжо актыўна прасоўваць відэасюжэты, якія цяжка глядзець эмацыйна няўстойлівым людзям. Заяўляецца, што ахвярамі “Сцяны абыякавасці” сталі ўжо дзясяткі жывёл, у тым ліку сімвал Беларусі зубр. У дадзеным выпадку прапаганда дзейнічае больш пісьменна, чымся з неверагоднымі расповедамі польскага дэзерціра з сумнеўнай рэпутацыяй. Можна сказаць, вытрыманыя класічныя каноны прапаганды, паколькі сюжэты грунтуюцца на рэальнай праблеме (пагроза Белавежскай пушчы як унікальнаму і цэласнаму прыроднаму аб’екту). А ў якасці экспертаў часта выступаюць рэальныя асобы, якія насамрэч займаюцца агучанымі пытаннямі (у выпадку з Белавежскай пушчай — беларускія і польскія эколагі, палітыкі, неабыякавыя жыхары і г.д.). То бок, зроблена ўсё, каб стварыць эфект максімальнай праўдзівасці сюжэту. Аднак сапраўдныя намеры тэлежурналістаў выдаюць прыхаваныя мэсыджы і іх прамое абвінавачанне польскай дзяржавы, якая распачала будаўніцтва агароджы праз самае сэрца рэліктавага лесу.

Па праглядзе сюжэтаў складваецца ўражанне, што менавіта “кепскія палякі” без нічога ніякага пачалі будаваць паркан, на які, дарэчы, пойдзе 400 мільёнаў долараў. І ў канцы матэрыялаў гучыць традыцыйны папрок беларускім незалежным эколагам, якія, быццам бы знаходзячыся на ўтрыманні Польшчы, замоўчваюць праблему знішчэння пушчы.

Цікава, што прапагандысты дзеля надання вагі сваім маніпулятыўным матэрыялам пайшлі на небанальны крок: запрасілі ў якасці эксперта на дзяржтэлебачанне кіраўніка Партыі зялёныя Дзмітрыя Кучука. Ён выказаўся рашуча супраць будаўніцтва сцяны, як і належыць прадстаўніку партыі, у аснове ідэалогіі якой — змаганне за навакольнае асяроддзе. У гэтым яго пазіцыя не адрозніваецца ад тых жа польскіх калег, якія асуджаюць будаўніцтва агароджы ў пушчы. Аднак словы Кучука не настолькі важныя, колькі патрэбна сама яго прысутнасць на дзяржаўным тэлеканале, якая стварае ілюзію праўдзівасці.

Ці варта было апазіцыйнаму палітыку ўдзельнічаць у здымках на дзяржТВ? Дзмітрый Кучук мяркуе, што нічога не страціў ад гэтага. Што праўда, такую думку не падзяляюць наведнікі ягонага акаўнта ў ФБ, якія ўжо выказаліся скептычна на гэты конт. Крытыкаваць будаўніцтва агароджы, калі яно супярэчыць экалагічным нормам, прадстаўнікам зялёных партый і рухаў можна і трэба. Але не на тых інфармацыйных пляцоўках, якія выкарыстоўваюць тэму для абалваньвання насельніцтва і распальвання варажнечы між народамі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ