Пра тое, ці варта спрачацца наконт эміграцыі



У сацыяльных сетках ізноў бурліць. Беларускія інтэрнаўты спрачаюцца, ці не надышоў нарэшце той самы час, калі трэба збіраць валізы і з’язджаць. Прыхільнікі ад’езду раяць суайчыннікам задумацца пра пераезд, паколькі ў бліжэйшы час сітуацыя з бяспекай у краіне можа істотна пагоршыцца. Пра гэта сведчаць некалькі фактараў: чарговая хваля рэпрэсій супраць крытычна настроеных грамадзянаў, імкненне спецслужбаў закрыць мяжу для апанентаў рэжыму і, нарэшце, трывожныя выказванні дыпламатаў і ўкраінскіх вайскоўцаў наконт таго, што ваенныя аб’екты РФ на тэрыторыі РБ з’яўляюцца легітымнымі мішэнямі.

Няцяжка прагназаваць, што частка соцыюму прыслухаецца да гэтых парадаў. Хоць і да таго з краіны, паводле розных падлікаў, з’ехалі сама менш некалькі сотняў тысяч чалавек. Аднак з’язджаць яшчэ ёсць каму. Вядома, што найбольш актыўна выязджаюць цяпер супрацоўнікі ІТ-індустрыі. Паводле розных дадзеных, некалі паспяховая галіна эканомікі ў выніку разбуральных захадаў рэжыму фактычна перастала існаваць: каля 40% праграмістаў ужо выехалі, яшчэ 20% — у працэсе ад’езду. Таксама з’язджаюць з краіны бізнесоўцы, моладзь студэнцкага веку, маладыя сем’і… У асноўным — тыя, хто мае сродкі на эміграцыю, самыя мабільныя і найбольш перспектыўныя. Пры іншым раскладзе гэтыя людзі былі б асновай гаспадаркі краіны, стваралі б яе будучыню. Але ва ўмовах без пяці хвілін таталітарнага рэжыму актыўныя і сучасныя грамадзяне з’яўляюцца перашкодай, пастаянным раздражняльнікам, ад якога ўлады імкнуцца пазбавіцца якім-кольвек спосабам. І робяць гэта досыць эфектыўна, выціскаючы з Беларусі ўсіх каго толькі можна.

Зразумела, далёка не ўсе гатовыя пакінуць родны край, нават усведамляючы рызыкі жыцця ў краіне, дзе “часам не да законаў” і дзе няма ніякай гарантыі, што баявыя дзеянні не перакінуцца на тэрыторыю. Нехта не можа кінуць блізкіх, хтосьці наракае на адсутнасць фінансаў, а некаторыя — сапраўдныя героі сучаснай Беларусі кшталту Змітра Дашкевіча, Кацярыны Андрэевай і многія тысячы іншых годных асобаў. Каб усе апаненты ўлады адразу з’ехалі, то ўсім беларусам, якія пайшлі на гэты крок раней, не было б куды вяртацца. Адпаведна, эміграцыя, нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з уладкаваннем на новым месцы, мае рабіць усё, каб падтрымліваць беларусаў унутры краіны. Дзеля агульнай будучыні. Каб потым было куды вяртацца.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ