Пра тое, як Беларусь пазбаўляецца чарговай прыкметы суверэннай дзяржавы



Кіраўнік дзяржавы дэнансаваў міжнародную дамову аб удзеле Беларусі ў Орхускай канвенцыі. Цікава, што гэты ўчынак матываваны нібыта клопатам пра дзяржсуверэнітэт. Цытуем афіцыйнае паведамленне: “Нягледзячы на дасягнутыя рэзультаты па выкананні ўзятых на сябе міжнародных абавязкаў у адпаведнай сферы, у кастрычніку 2021 года Беларусь сутыкнулася з перадузятым і дыскрымінацыйным стаўленнем з боку кіруючых органаў канвенцыі, фактамі ціску на суверэнную дзяржаву”. Інакш кажучы, прадстаўнікі ўлады, адмовіўшыся ад Орхускай канвенцыі, пазіцыянуюць сябе абаронцамі дзяржаўнасці ад знешняга ўмяшальніцтва, хоць насамрэч іх рэакцыя абумоўленая патрабаваннем кіроўных органаў канвенцыі адносна спынення пераследу экалагічных актывістаў унутры Беларусі.

Беларусь, хоць і падпісала Орхускую канвенцыю яшчэ ў 1999 годзе, аднак на практыцы не спяшалася рэалізоўваць яе прынцыпы. У асноўным усё зводзілася да нейкіх тэхнічных момантаў кшталту запуску сучаснага сайта Мінпрыроды з магчымасцю аператыўнай і зваротнай сувязі з грамадзянамі, стварэнню шэрагу відэаролікаў на тэматыку аховы прыроды і, самае галоўнае, перыядычным паездкам беларускіх чыноўнікаў на розныя міжнародныя сустрэчы. Вялікіх зрухаў у выкананні прынцыпаў Орхускай канвенцыі ў Беларусі за гады дзеяння дасягнута не было. У прыватнасці, беларуская грамадскасць мела абмежаваны доступ да экалагічнай інфармацыі, якая знаходзілася ў распараджэнні дзяржаўных органаў. Яркі прыклад — будаўніцтва АЭС у Астраўцы, абставіны ўзвядзення і функцыянавання якой у вялікай ступені засталіся таямніцай для большасці беларусаў. Грамадзянам, хоць і давалі час ад часу выказвацца наконт экалагічных рашэнняў, але ўсё роўна рэалізоўвалі свае планы. Узгадаем пабудову акумулятарнага завода ў Берасці. Ці, напрыклад, будаўніцтва ў Светлагорску завода беленай цэлюлозы, супраць якога безвынікова выступалі жыхары некалькіх населеных пунктаў. Пра доступ да правасуддзя пры ажыццяўленні права на экалагічную інфармацыю ўвогуле гаварыць не выпадае. Перад вачыма — дзясяткі судовых працэсаў, якія прайграла грамадскасць уладзе, калі заходзіла гаворка пра экалагічна шкодныя, але пры гэтым эканамічна выгадныя праекты. Такім чынам, ва ўмовах аўтарытарнай Беларусі Орхуская канвенцыя не магла працаваць напоўніцу, таму цяперашняя адмова ад міжнародных абавязальніцтваў — гэта проста аб’ектыўны момант.

Аднак вельмі абуральна, што чыноўнікі, якія дзейнічаюць ад імя беларускага народу, робяць усё, каб выкінуць Беларусь з усіх міжнародных пляцовак. Адмова ад Орхускай канвенцыі дэманструе тое, што ў новай палітычнай рэальнасці з устойлівымі таталітарнымі тэндэнцыямі не можа ісці гаворкі нават пра імітацыю дыялогу з грамадствам. Акрамя гэтага, самаізаляцыя Беларусі выгадная РФ, якая, дарэчы, так і не падпісала Орхускую канвенцыю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ