Пра тое, як нашую краіну імкнуцца пераўтварыць у БССР 2.0.



На сайце “Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя Андрэя Грамыкі” апублікаваны важны даклад, які варта пачытаць тым, хто сочыць за развіццём беларуска-расейскіх міждзяржаўных адносін і ўвогуле непакоіцца пра будучыню беларускай дзяржавы. Даклад “Расейска-беларуская супраца: час стратэгічных рашэнняў” цікавы не толькі з пункту гледжання яго зместу, але і падпісантаў, сярод якіх – не апошнія людзі ў іерархіі абедзьвюх дзяржаваў.

А яшчэ, даклад “па Беларусі” падаспеў да перыяду, калі ўлада рыхтуецца правесці чарговы рэферэндум па змяненні Канстытуцыі.

Трэба зазначыць, што так званая “Асацыяцыя знешнепалітычных даследаванняў імя Андрэя Грамыкі” — структура, якая паўстала параўнальна нядаўна. Планы на яе стварэнне былі агучаныя ў экспертных і ўрадавых колах РФ у 2018 годзе. Выглядае на тое, што ініцыятары з’яўлення праўладнай “фабрыкі думак” былі вельмі расчараваныя адсутнасцю рэальнага напаўнення праграмаў так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі і ўстрывожаныя рэзкім ростам незалежніцкіх настрояў у беларусаў. 2018 год для Беларусі — гэта год вегетарыянскай фазы беларускага палітычнага рэжыму, калі афіцыйны Менск асцярожна намацваў шляхі супрацы з Захадам і заплюшчваў вочы на нізавыя ініцыятывы грамадства. Апафеозам “адлігі” стала святкаванне 100-годдзя БНР па ўсёй краіне, якое, без усялякага сумневу, стала халодным душам для расейскіх аналітыкаў. Разумеючы небяспекі ад такіх тэндэнцый, расейскія дыпламаты пачалі рыхтаваць альтэрнатыўныя мадэлі ўзаемаадносінаў з Беларуссю, імкнуліся нейтралізаваць трэнд на “паўзучую вестэрнізацыю” свайго фармальнага саюзніка. І вось некаторыя рэкамендацыі, выглядае на тое, якраз аформіліся ў тэксце “Дакладу”.

Дарэчы, сама назва інстытуцыі “Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя Андрэя Грамыкі” як бы намякае на тое, што ад яе чакаць. Узгадванне ў назве структуры чалавека, які ў заходніх СМІ меў мянушку “містар ноў” за здольнасць на шматгадзінных перамовах прытрымлівацца лініі партыі, — гэта сама па сабе адсылка да савецкіх часоў.

Што да зместу “Даклада”, то ў ім сфармуляваныя шэраг ідэй адносна таго, як больш прывязаць Беларусь да Расеі, зрабіць немагчымым сыход нашай краіны з зоны інтарэсаў РФ. Для гэтага прапаноўваецца прыняць новую вайсковую дактрыну Саюзнай дзяржавы, узмацніць супрацу паміж навуковымі супольнасцямі, прымусіць Беларусь адмовіцца ад шматвектарнай знешняй палітыкі. Карацей, гаворка ідзе пра поўнае падпарадкаванне нашай краіны інтарэсам Крамля. Адметна тое, што з беларускіх падпісантаў — кіраўніцтва прапрэзідэнцкай арганізацыі “Белая Русь”, рэктары дзяржаўных ВНУ і квазіапазіцыйныя структуры кшталту ЛДПБ Гайдукевічаў. 

Трэба таксама зазначыць, што ў “Дакладзе” прасоўваецца ідэя правядзення канстытуцыйнага рэферэндума ў Беларусі, які павінен прывесці да грамадскай згоды і дыялога паміж грамадствам і ўладай. Зразумела, што пасярэдніцтва ў гэтым “дыялогу” будзе ажыццяўляць расейскі бок. Улічваючы яго стратэгічныя мэты, можна не сумнявацца, да чаго прывядзе тое пасярэдніцтва. У лепшым выпадку нашую дзяржаву, якая цяпер знаходзіцца ў вострай фазе палітычнага крызісу, чакае пераўтварэнне ў марыянеткавую псеўдадзяржаву. Такая сабе БССР новага разліву.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ