Пра тое, як палкоўнік ФСБ Пуцін аб’ядноўвае беларусаў
Пры ацэнцы патэнцыялу вайсковай машыны Расеі цяжка адшукаць больш дасведчаных і грунтоўных экспертаў, чымся былыя кіраўнікі чачэнскага супраціву. Расейскі аналітык Марк Фейгін у сваім аўтарскім праекце “Фейгин.live” даў слова аднаму з лідараў чачэнскай эміграцыі, кіраўніку ўраду Ічкерыі ў выгнанні Ахмеду Закаеву. Гэты чалавек, за якім вядзецца паляванне расейскімі спецслужбамі, выказаўся на шэраг вострых тэмаў, якія ўздымаюцца ў звязку з эскалацыяй напружання на мяжы з Украінай. Беларусам гэта інтэрв’ю будзе цікавае тым, што чачэнскі палітык агучыў меркаванне адносна таго, што дзякуючы высілкам Уладзіміра Пуціна некалі “самая прарасейская краіна Беларусь стане самай антырасейскай”. Логіка такой высновы дастаткова простая: РФ усяляк падтрымлівае непапулярны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ад якога церпіць беларускае насельніцтва. Адпаведна, у перспектыве беларусы абавязкова прыгадаюць Маскве ўсё гэта, калі сітуацыя зменіцца (а гэта непазбежна, бо фізічна адыходзіць пакаленне, якое масава падтрымала некалі Аляксандра Лукашэнку).
Ахмед Закаеў, хоць і не знаходзіцца ў Беларусі ў дадзены момант, вельмі адэкватна адчуў распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве настроі. Хоць мы не маем рэлевантных сацыялагічных дадзеных на тэму імавернага пагаршэння стаўлення беларусаў да расейскай дзяржавы праз падтрымку Крамлём дзеянняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аднак, без сумневу, у дадзены момант мы перажываем светапоглядную трансфармацыю беларускай нацыі. На гэта маглі паўплываць некалькі фактараў. Па-першае, за 30 год існавання незалежнай беларускай дзяржавы вырасла некалькі пакаленняў людзей, якія перасталі ўспрымаць Маскву ў якасці сталіцы. Беларусы навучыліся цаніць сваё і сталі крытычна ставіцца да агульнай “савецкай спадчыны”. Па-другое, на фармаванне негатыўнай ацэнкі дзейнасці Уладзіміра Пуціна з боку многіх беларусаў не магло не паўплываць ягонае ўмяшальніцтва ў беларускія выбары 2020 году, калі прэзідэнт РФ падтрымаў свайго аўтарытарнага калегу ў самы крытычны для яго момант масавых пратэстаў. Я сам неаднойчы чуў ад многіх беларускіх суразмоўцаў розных узростаў, статусаў, прафесій тое, што “расчараваліся канчаткова ў Пуціне пасля таго, як ён падтрымаў Аляксандра Лукашэнку”. Па-трэцяе, вайсковы шантаж Украіны і Захаду з боку Крамля, у выніку якога на тэрыторыю Беларусі былі сцягнутыя дзясяткі тысяч чужых вайскоўцаў, выклікае адназначна адмоўныя асацыяцыі ў многіх беларусаў, занепакоеных магчымым уцягваннем нашай краіны ў вайсковую авантуру супраць Украіны.
Такім чынам, палкоўніку ФСБ Уладзіміру Пуціну ўдалося насамрэч зрабіць тое, на што ў іншых абставінах спатрэбіліся б дзесяцігоддзі. Ён, ствараючы пагрозы для існавання беларускай незалежнай дзяржавы, фактычна аб’яднаў беларускае насельніцтва ў разуменні таго, што імперскі Крэмль з’яўляецца перманентнай крыніцай пагрозы для існавання самастойнай беларускай нацыі. Як бы парадаксальна з пазіцыі сённяшняга дня ні гучала, але менавіта ўсебаковая падтрымка Расеяй цяперашняй улады ў Беларусі робіць дрэйф нашай краіны ў бок Захаду непазбежным.