Пра тое, як паставяцца школьнікі да прапаганды



З пачаткам новага навучальнага году бацькі школьнікаў выпускных класаў азнаёміліся са зместам падручніка па гісторыі Беларусі. Некаторыя фрагменты абураныя дарослыя выклалі на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Нават кароткага азнаямлення з асобнымі параграфамі дастаткова, каб зрабіць пэўныя высновы пра тое, як улада намагаецца інструменталізаваць гісторыю для маніпуляцыі свядомасцю моладзі.

Па-першае, што кідаецца ў вочы, дык гэта выкладанне гісторыі Беларусі на расейскай мове. З моманту атрымання незалежнасці цяпер найбольш выяўляецца тэндэнцыя на русіфікацыю адукацыйнага працэсу. Такі падыход дзяржавы сведчыць, сама меней, пра тое, што ўлада разглядае гістарычную навуку як завуаляваную ідэалогію, што павінна сфармаваць лаяльнае стаўленне ў маладых беларусаў да дзяржавы. З пункту гледжання цяперашніх кіраўнікоў найбольш эфектыўна “прамыўка мазгоў” будзе адбывацца на мове, якая нібыта больш распаўсюджаная сярод насельніцтва. І гэтым найперш абумоўлены выбар на карысць расейскай мовы напісання падручніка. Акрамя гэтага, не трэба выключаць фактар паспешлівай падрыхтоўкі новага падручніка, за напісанне якога ўзяліся сервільныя гісторыкі, якія не маюць вялікай павагі да беларускай мовы.

Па-другое, з падручніка па гісторыі для вучняў 11 класаў знікла мноства знакавых постацяў апошніх дзесяцігоддзяў, сярод якіх першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Выкрэсліванне прозвішчаў вядомых беларусаў з навучальных дапаможнікаў па гісторыі абумоўлена бягучымі палітычнымі падзеямі. Калі гэтыя асобы з’яўляюцца жорсткімі крытыкамі ўлады, то ім не месца ў школьных падручніках. Апроч гэтага, існуе таксама аб’ектыўны момант, звязаны з рэаліямі персаналісцкай аўтакратыі, калі ў публічным дыскурсе можа быць толькі адна папулярная фігура.

Па-трэцяе, у новы падручнік па гісторыі перакачаваў прапагандысцкі трэш пра калабарацыяністаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і “нацыстоўскі” лозунг “Жыве Беларусь”. Інфармацыя пра сувязь беларускіх нацыянальных сімвалаў з нацыстоўскімі злачынцамі падаецца вельмі абагульнена і катэгарычна. Абсалютна відавочна, што аўтары выконвалі замову ўлады на дыскрэдытацыю гістарычных сімвалаў, якія набылі шалёную папулярнасць падчас мінулагодніх пратэстаў.

Падсумоўваючы, варта зазначыць, што ад падручніка па гісторыі Беларусі для 11 класаў складваецца дваістае ўражанне. З аднаго боку, асабліва цешыць той факт, што за ягонае напісанне не ўзяліся гісторыкі, якія маюць аўтарытэт у акадэмічнай супольнасці. З іншага боку, убогасць падачы матэрыяла дае надзею на тое, што беларускія школьнікі здолеюць без асаблівых праблем выявіць і адкінуць прапагандысцкае шалупінне, зрабіўшы адпаведныя высновы. Паколькі ў цяперашні момант цяжка ўявіць маладога чалавека, які чэрпае інфармацыю выключна са школьнага падручніка, то ўся ідэалагічная канструкцыя ўмомант разбурыцца ад сутыкнення пададзенай фальшы з праўдзівай інфармацыяй, якой перапоўнены Інтэрнэт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ