Пра тое, як Расея бясслаўна размантачыла сімвалічны капітал
Пасля распаду СССР ідэалагічнай асновай для існавання расейскай дзяржавы стала памяць пра ІІ Сусветную вайну. Дакладней, ідэалагізаваная версія эпізоду гэтай страшнай вайны, якая ўвайшла ў расейскую гістарыяграфію пад назвай Вялікая Айчынная вайна.
Тэма перамогі над нацыстамі выкарыстоўвалася не толькі ў афіцыйнай прапагандзе Крамля, якая сцвярджала вырашальную ролю расейскага народу ў разгроме гітлераўскай Нямеччыны, але і ў масавай культуры. Аднак, у адрозненне ад заходняга свету, які абраў стратэгію замірэння і акцэнтаваў увагу на непрымальнасці глабальнай вайны, у Расеі высілкі прапагандыстаў і лідараў думак канцэнтраваліся на стварэнні вобраза непераможнасці спадкаемцаў СССР, якія ў разе чаго заўжды “могуць паўтарыць”. У публіцыстыцы шаленства вакол тэмы 9 мая, якое выяўлялася ў мілітарысцкіх парадах, гігабайтах прапаганды, пагрозах Захаду, безгустоўных налепках на аўто “Дзякуй дзеду за перамогу” і “георгіеўскіх” стужках набыла ўстойлівае азначэнне “перамогашальства”. Заходнія інтэлектуалы, асабліва левых поглядаў, зрэшты, ставіліся да гэтай расейскай сезоннай маніі паблажліва, укладаючы ў абрадавы характар штогадовых майскіх святаў свае сэнсы, далёкія ад новай сутнасці. Калі ў Расеі свята перамогі даўно стала дэманстрацыяй дамінацыі і перавагі над “калектыўным Захадам”, то на самім Захадзе працягвалі ўспрымаць усе гэтыя праявы як паводзіны траўмаванага вайной народа, які заслугоўвае на павагу.
У аснове цяперашняга канфлікту Расеі і Украіны ляжаць фантомныя болі па страчанай імперыі, аднак ўсведамлення таго, што ўлада Масквы больш не распаўсюджваецца на Кіеў малавата для абгрунтавання шырокамаштабнага ўварвання на тэрыторыю суверэннай дзяржавы. У якасці асноўнага аргумента для масаў гучыць уся тая ж кружэлка пра “нацыстоўскую хунту, якая ўзурпавала ўладу ва Украіне”. Сыходзячы з такога наратыву, расейскія войскі ажыццяўляюць ледзьве не вызвольны паход супраць “недабіткаў” і выратоўваюць прыгнечанае насельніцтва Украіны. Гэтая тэма вызвольнага паходу супраць “бандэраўцаў” увесь час гучыць з кожнага праса ў РФ. Так сталася, што крамлёўскія гаспадары, запусціўшы машыну антыўкраінскай прапаганды дзеля абгрунтавання тэрытарыяльных прэтэнзій, паступова самі паверылі ў тыражаваныя міфы. І трапілі заканамерна ў лагічную пастку, калі ўварванне ва Украіну прадэманстравала на ўвесь свет, што аніякіх нацыстаў у кіраўніцтве Украіны няма, а сам акт агрэсіі РФ, наадварот, мае шмат супольнага з дзеяннямі нямецкіх нацыстаў у 1941 годзе. Зрэшты, расейская падступная вайна ва Украіне якраз надала старым наратывам вызвольнай айчыннай вайны новае жыццё. Аднак не расейскія “вызваліцелі” ў гэтым наратыве выступаюць героямі, а абаронцы ўкраінскай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што ў інфармацыйным супрацьстаянні абодва бакі вайны называюць сваіх ворагаў фашыстамі, практычна ва ўсім свеце якраз дзеянні кіраўніцтва РФ асацыююцца з нямецкім правадыром. Дэманстратыўная ўкраінафобія і цынічнасць расейскай улады аўтаматычна пераводзіць увесь свабодны свет у лагер прыхільнікаў Украіны. Даволі проста прагназаваць, што, незалежна ад вынікаў вайны, ад сімвалічнага капіталу, атрыманага за кошт перамогі над нацыстамі ў 1945 годзе, у цяперашняй Расеі нічога не застаецца. Крэмль бясслаўна размантачыў усе заваёвы продкаў, выставіўшы сябе ў самым непрываблівым святле.