Пра тое, як таталітарныя рэжымы “выхоўвалі” паслухмяную аўдыторыю
У нацыстоўскай Нямеччыне сурова забаранялася слухаць замежныя радыёстанцыі, каб фармаваць правільны светапогляд у грамадзянаў. Нягледзячы на рызыку трапіць у канцлагер, многія немцы ўсё адно працягвалі слухаць “варожыя галасы” праз прыймачы. Амерыканскі рэпарцёр Уільям Шырэр, які працаваў у гітлераўскай Германіі, у мемуарах “Берлінскі дзённік” прыводзіць прыклад, як нямецкі афіцыёз у першыя гады вайны апублікаваў паспешлівы некралог на аднаго марака, які нібыта загінуў у марской баталіі з ангельцамі. Сям’я нават замовіла па ім грамадзянскую паніхіду. Але напярэдадні цырымоніі развітання адразу некалькі сяброў “памерлага” цішком наведалі ягоную маці, паведаміўшы, што згодна інфармацыі BBC, згаданы марак не загінуў, а трапіў у палон. Удзячная маці паніхіду па сыну не адмяніла, а на некалькіх ягоных сяброў, што незаконна слухалі BBC, данесла ў Гестапа. Усіх арыштавалі.
У гісторыі з даносамі на сябра “загінулага” марака істотна тое, як грамадзяне сябе паводзілі ва ўмовах татальнай забароны на свабодную інфармацыю. Фактычна гаворка ішла пра тое, што людзі свядома адгароджваліся ад праўдзівых СМІ. У адрозненне ад жыхароў СССР, дзе напярэдадні і падчас ІІ Сусветнай увогуле грамадзянам забаранялася мець уласныя прыймачы, здольныя лавіць замежныя радыёстанцыі, у Германіі спажывецкі попыт на самы папулярны сродак масавай інфармацыі не абмяжоўваўся, у выніку чаго у першай палове 1930-х Нямеччына стала сусветным лідарам па вырабе танных прыймачоў. Прыводзяцца звесткі, што каля 70% дарослага насельніцтва Германіі былі ўласнікамі радыёапаратаў у 1930-я. Такім чынам, напярэдадні вайны, нават у гады самай жорсткай цэнзуры, немцы свабодна валодалі мільёнамі прыймачоў. Праўда, з нюансам. Кожнаму пакупніку апарата выдавалася адмысловая памятка з надпісам: “Праслухоўванне замежных радыёперадач з’яўляецца злачынствам супраць нацыянальнай бяспекі народу. Па загаду Фюрэра гэта караецца турмой”.
Не маючы аніякіх магчымасцей для таго, каб пазбавіць грамадзян радыёпрыймачоў, нацысты рабілі разлік на тэрор і запалохванне. І гэтая тактыка з часам спрацавала, бо большасць, маючы магчымасць слухаць свабодныя СМІ, баялася гэта рабіць праз пагрозы даносаў. Большасць паступова пачала фармаваць свае ўяўленні пра падзеі ў краіне і свеце на падставе маніпулятыўных паведамленняў нацыстоўскіх прапагандыстаў. Напрыклад, класічнай маніпуляцыяй былі пастаянныя інфармаванні пра тое, што подлыя брытанскія лётчыкі адмыслова бамбяць нямецкія гарады па начах, каб дасягнуць максімальнай колькасці ахвяр сярод цывільных. У той час як, маўляў, лётчыкі люфтвафэ, нібы рыцары, здзяйсняюць налёты ўдзень. Насамрэч начныя авіяўдары брытанцаў тлумачыліся тым, што на мацерыку ў ангельцаў не было авіябазаў, таму з улікам далёту яны, як правіла, дабіраліся да аб’ектаў уначы. Аднак насельніцтва, пазбаўленае жадання разбірацца ў прадмеце, успрымала прапаганду чыстай манетай.
Радыё ў першай палове ХХ стагоддзя адыгрывала прыблізна тую ж самую ролю, што і глабальная сетка Інтэрнэт у цяперашні час. Але прапаганда сама па сабе была малаэфектыўнай. Для дрэсіроўкі насельніцтва патрэбна было выхоўваць у грамадзянах лаяльнасць, некрытычнасць мыслення і страх перад альтэрнатыўнай інфармацыяй. Таму, добраахвотна адмаўляючыся ад незалежнай інфармацыі, грамадства робіць крок у бок таталітарызму.