Пра тое, як Украіна перамагае РФ у сімвалічным полі



Расея ў 1991 годзе абвясціла сябе пераемніцай СССР. Пасля заключэння адпаведнага пагаднення з урадамі новапаўсталых дзяржаваў СНД, да Масквы адышлі не толькі саюзная маёмасць за мяжой і знешнія пазыкі, але і сімвалічны капітал у выглядзе прызнання РФ адзінай спадкаемцай СССР. Такі стан рэчаў, калі эліты саюзных рэспублік засяроджваліся на будаўніцтве незалежных дзяржаваў, а не прэтэндавалі на мінулае, цалкам задавальняў Крэмль. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў расейская прапаганда, спекулюючы на пачуццях віны некалькіх паваенных пакаленняў немцаў і некаторых еўрапейскіх народаў, змагла на Захадзе замацаваць стэрэатыпы пра тое, што менавіта Расеі належыць выключная роля ў перамозе над нямецкім нацызмам.

З падзеяў ІІ Сусветнай вайны, па сутнасці, расейскія ўлады стварылі новы квазірэлігійны культ, у аснове якога — непераможнасць рускай зброі, месіянства і адмаўленне народам былога СССР у праве на вольнае існаванне. Еўрапейскія абывацелі ставіліся да гэтых небяспечных тэндэнцый паблажліва, спісваючы эксцэнтрычныя заяўкі і архаічныя светаўспрыманні расейскага кіраўніцтва на тое, што Масква ўсё ж мае права на такія паводзіны, улічваючы самаахвярнасць “рускага салдата-вызваліцеля Еўропы ад карычневай чумы”. І вось, у ХХІ стагоддзі, вольны свет са здзіўленнем убачыў, што побач з імі на грунце быццам бы “антыфашысцкай ідэалогіі” паўстала новая небяспечная з’ява, якую кінуліся асэнсоўваць у апошнія тыдні інтэлектуалы. Гаворка ідзе пра мадыфікаваны расейскі імперыялізм, які нясе смяротную небяспеку не толькі былым народам імперыі, колькі ўсяму дэмакратычнаму свету. Адметна, што ў аснове ідэалогіі “рашызму” ляжыць міф пра Вялікую Айчынную вайну як выключна расейскую перамогу. І менавіта таму ў захопленых расейскімі войскамі ўкраінскіх гарадах на флагштоках паспешліва ўздымаюцца не толькі афіцыйныя трыкалоры, але і чырвоныя сцягі перамогі, нягледзячы на тое, што ў гады ІІ Сусветнай вайны людзі пад гэтымі сцягамі забівалі адзін аднаго без лішніх ваганняў. Але ў дзіўнай карціне свету крамлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў гэтым ніякай супярэчлівасці няма. Ён бачыць і ў трыкалоры, і ў чырвоным палотнішчы сімвалы сваёй расейскай імперыі.

Агучваючы ўльтыматум незалежнай Украіне напярэдадні вайны Уладзімір Пуцін абвінаваціў Кіеў у заляцаннях да нацызму. А ягоная прапаганда на ўвесь свет заявіла пра крыжовы паход супраць неафашыстаў, хоць, відавочна, дэмакратычна абраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па ўсіх крытэрах да гэтых самых фашыстаў зусім не падыходзіць. І вось у рэаліях расейска-ўкраінскай вайны ўкраінскія эліты вырашылі сіметрычна адказаць на прэтэнзіі Масквы. У Вярхоўнай Радзе зарэгістравалі пастанову, у якой канстатуецца вялікі ўнёсак украінскага народа ў агульную перамогу саюзнікаў над нацызмам і недапушчэнне прысабечвання РФ перамогі у ІІ Сусветнай. Дэпутаты ВР заклікаюць даць палітычную ацэнку сістэмным практыкам абясцэньвання, выкрыўлення і маніпулявання РФ маральнай спадчынай удзельнікаў ІІ Сусветнай вайны. І ўкраінцы як нашчадкі пераможцаў маюць на гэта поўнае права, улічваючы, што да чвэрці воінаў Чырвонай арміі былі грамадзянамі Украінскай ССР і больш за 2000 украінцаў сталі Героямі Савецкага Саюза падчас вайны. Такі падыход б’е галоўны козыр расейскай прапаганды, мабілізуе ўкраінскае грамадства на далейшую абарону дзяржавы і нівелюе чорны піяр Крамля ў дачыненні да ўкраінскай улады.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ