Пра тое, як успрымуць беларусы рэферэндум



Інтрыга апошніх месяцаў, здаецца, вырашылася. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што канстытуцыйны рэферэндум будзе праведзены не пазней за люты 2022 года. Такім чынам, даецца афіцыйны старт маштабнай прапагандысцкай кампаніі, якая, на думку, ініцыятараў рэферэндума павінна зацэментаваць сістэму.

Упершыню размовы пра правядзенне рэферэндума аб змяненні Канстытуцыі прагучалі ў ліпені 2020 года з вуснаў палітыкаў “новай хвалі”, якія заявілі пра неабходнасць вяртання да Канстытуцыі ўзору 1994 году. Па храналогіі гэтае абвяшчэнне супала з арыштам самага папулярнага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, мецэната і экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Пазней улада, ачомаўшыся ад рэкордных масавых акцый пратэсту, якія выбухнулі пасля так званых выбараў, дэкларавала гатовасць правядзення рэферэндума, на якім нібыта маглі быць разгледжаныя пытанні перагляду паўнамоцтваў прэзідэнта. Пазней гэтую тэму падхапіў Крэмль, які, хоць зрабіў стаўку на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў крытычны момант пасля выбараў, аднак пачаў падазрона ціснуць на афіцыйны Менск адносна неабходнасці правядзення канстытуцыйнага рэферэндума. Хоць асноўныя дэталі патрабаванняў Масквы засталіся за кадрам, але можна не сумнявацца, што змяненні галоўнага закона Беларусі Уладзіміру Пуціну патрэбныя не для таго, каб ажыццявіць дэмакратычны транзіт і ўмацаваць суверэнітэт беларускай дзяржавы. Хутчэй за ўсё, ціск РФ прама скіраваны на тое, каб праз будучыя канстытуцыйныя змяненні не дапусціць геапалітычны разварот Беларусі ў бок дэмакратычнага Захаду. У гэтым, зрэшты, супадаюць мэты цяперашняй улады Беларусі і кіраўніцтва Расеі.

Калі з пункту гледжання знешнепалітычных абставін умовы правядзення будучага рэферэндума зразумелыя, то ў самой Беларусі такі крок улады наўрад ці будзе ўспрыняты насельніцтвам з энтузіязмам. Самыя масавыя ў гісторыі незалежнай Беларусі маршы пратэсту, якія цягам некалькіх месяцаў 2020 года, працягваліся па ўсёй краіне, праходзілі пад вельмі простым і адназначным лозунгам: “Хто заўгодна, толькі не ён”. Адпаведна, беларускае грамадства наўрад ці будзе заспакоенае будучым рэферэндумам, які не прывядзе да перафарматавання ўлады і замены кіраўніцтва краіны. Замест чаканых пераменаў прапаноўваецца сурагат у выглядзе малаўцямнага галасавання за мутныя фармулёўкі, за якімі хаваецца банальнае зацягванне часу і імітацыя саступак беларускаму народу.

І апошняе, ва ўмовах прававога дэфолту, калі законы ў Беларусі практычна перасталі дзейнічаць, ад “мадэрнізацыі” Канстытуцыі нічога істотна не зменіцца для большасці жыхароў. Зрэшты, улада практычна прамым тэкстам заяўляе пра тое, што “ў новай Канстытуцыі трэба ўлічыць урокі мінулага году”. І далей даецца расшыфроўка: “… дапусціць іх да ўлады нельга”. Пад займеннікам “іх” улада разумее не столькі канкрэтных лідараў апазіцыі, большасць з якіх у дадзены момант сядзіць у турме ці знаходзіцца ў эміграцыі. Канфлікт цяперашняй сітуацыі — у тым, што ўлада адмаўляе беларускаму народу ў палітычнай суб’ектнасці, што з’яўляецца відавочнай памылкай, улічваючы надзвычайную мабілізацыю насельніцтва падчас так званых прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ