Пра трыумфальнае вяртанне Мітрапаліта Кандрусевіча
Афіцыйныя крыніцы паведамляюць пра тое, што Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч 24 і 25 снежня правядзе святочныя службы ў двух менскіх касцёлах. Гэта азначае, што гісторыя з выгнаннем каталіцкага іерарха па палітычных матывах падышла да завяршэння. За кулісамі засталіся перамовы паміж Менскам і Ватыканам, пра дэталі якіх мы дазнаемся, відаць, у бліжэйшыя тыдні.
Сам факт вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму выклікаў дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкі ў палітызаванай часткі грамадства. Многія беларусы фактычна паверылі на слова паведамленням міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, са стэнаграмаў выступу якога вынікае, што ягоны начальнік нібыта пайшоў насустрач Апостальскай сталіцы, нягледзячы на негатыўнае стаўленне да каталіцкага іерарха. Аналізуючы дадзены месыдж, далёкі ад патрабаванняў дыпламатычнага этыкету, складваецца ўражанне, што афіцыйны Менск у чарговы раз перамог, прымусіўшы саступіць нават дасведчаны ў інтрыгах Ватыкан. Аднак самае вялікае мастацтва дыпламатыі – якраз у тым, каб дабіцца сваіх мэтаў, пакідаючы ў апанента адчуванне, што менавіта ён выйшаў пераможцам. Трэба быць вельмі наіўнымі, каб думаць, што ведамства, якое ўзначальвае палкоўнік ГРУ, здольнае перахітрыць структуру, якая тысячу год ставіла на месца падступных манархаў, сквапных імператараў і шалёных дыктатараў ХХ стагоддзя. У касцёла назапасіўся вялікі вопыт супрацьстаяння магутным дзяржавам, якія ў свой час прэтэндавалі на планетарнае лідарства, не кажучы пра бедную посткамуністычную дзяржаву, якая праз чвэрць стагоддзя аўтарытарызму апынулася ў пяці хвілінах ад статуса failed state. Няма сумневу, што Ватыкан цудоўна разумее сітуацыю, у якой апынулася беларуская дзяржава. Аднак не можа не выкарыстоўваць усе наяўныя інструменты для захавання свайго ўплыву на становішча касцёла ў Беларусі.
З пункту гледжання беларусаў, якія адчайна змагаюцца за свабоду і сутыкаюцца пры гэтым з жорсткімі рэпрэсіямі, сяброўскі выгляд пасла Ватыкана на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы – ледзьве не здрада хрысціянскім прынцыпам. Такая эмацыйная ацэнка зразумелая, бо пацярпелыя звычайна не мысляць катэгорыямі інтарэсаў інстытуцыі, якая яшчэ адслужыць не адну імшу з нагоды падзення аўтарытарнага рэжыму ў будучыні. Разам з тым, перад асуджэннем дзеяння касцёла варта ўсё-такі глядзець на справы, а не на словы. А сітуацыя на гэты момант выглядае так, што ніхто з беларускіх каталіцкіх іерархаў і вядомых святароў, якія жорстка крытыкавалі рэжым і асуджалі гвалт сілавікоў, не забраў свае словы назад. Больш за тое, вяртанне аўтарытэтнага Тадэвуша Кандрусевіча надасць упэўненасці беларускім каталікам у іх рацыі, а ўсім астатнім хрысціянам, якія спачувалі братам па веры, пакажа прыклад таго, як нязломнасць у перакананнях вядзе да перамогі.