Пра трывожныя навіны з украіна-расейскага кардону



У апошнія месяцы ўвага пераважнай большасці беларусаў па зразумелых прычынах была засяроджаная на ўнутрыпалітычных падзеях. Сітуацыя ў свеце і ў суседніх краінах, калі дзяржава разгарнула маштабны тэрор супраць апанентаў улады, вядома, адыходзіць на другі план. Разам з тым у апошнія некалькі тыдняў у непасрэднай блізкасці ад дзяржаўнага кардону Беларусі разгортваюцца падзеі, якія будуць мець наўпроставы ўплыў на беларускую палітыку. Літаральна ў гэтыя гадзіны прыходзяць трывожныя навіны пра абвастрэнне супрацьстаяння паміж Масквой і Кіевам. Пакуль што бакі абыходзяцца абменам вострых выказванняў і дыпламатычнай пікіроўкай, але на фоне адбываецца нарошчванне вайсковых фармаванняў па абодва бакі расейска-ўкраінскай мяжы. Пра сур’ёзнасць сітуацыі сведчаць шматлікія кантакты кіраўнікоў дыпламатычных і абаронных ведамстваў Украіны, з аднаго боку, і калектыўнага Захаду, з іншага боку. У Кіеў 8 красавіка тэрмінова выехаў польскі міністр замежных справаў Збігнеў Раў, ведамства якога апублікавала кароткае паведамленне ў Твітары пра тое, што візіт абумоўлены “пагрозай міру на межах Украіны.” Актывізацыя заходніх дзяржаваў у справе падтрымкі Украіны звязаная з тым, што Расейская Федэрацыя пад выглядам разнастайных вайсковых навучанняў засяродзіла ўдарныя наступальныя групы на мяжы з Украінай: ад Бранскай вобласці да Крыму. Вайсковыя аналітыкі і розныя міжнародныя экспертныя цэнтры, якія займаюцца пытаннямі міждзяржаўных канфліктаў, гавораць пра надзвычай высокую верагоднасць пераходу супрацьстаяння на ўзровень рэальнага мілітарнага сутыкнення.

Чым выкліканая эскалацыя напружання паміж Расеяй і Украінай у апошнія дні? Канкрэтна ў гэты момант шантаж вайсковым уварваннем, які ажыццяўляе Крэмль у дачыненні да суседняй дзяржавы, абумоўлены найперш усталяваннем новых правіл глабальнай палітыкі. Уладзімір Пуцін не ўспрымаў і не ўспрымае кіеўскіх калегаў раўназначнымі супернікамі, лічыць іх выканаўцамі волі Вашынгтона. Адпаведна, абвастрэнне расейска-ўкраінскіх стасункаў наўпрост звязана з абраннем новага кіраўніка ЗША Джо Байдэна, які адмаўляецца ад неаізаляцыянісцкага курсу свайго папярэдніка Дональда Трампа. Новы амерыканскі лідар заяўляе пра вяртанне сваёй дзяржавы на сусветную арэну і гаворыць пра тое, што правы чалавека зноў становяцца асновай знешняй палітыкі ЗША на планеце. Такая рыторыка, вядома, выклікае скрыгат зубоў у Пуціна, які выпрабоўвае свайго амерыканскага візаві магчымасцю паўнамаштабнай вайны паміж Расеяй і Украінай. Аднак, акрамя змагання за геапалітычнае панаванне, Расея вырашае паралельна некалькі іншых важных задач, калі нагнятае сітуацыю ля ўкраінскага кардону. Па-першае, кансалідуе прыхільнікаў улады супраць знешняга ворага і развязвае рукі сілавікам для зачысткі апазіцыі ўнутры РФ. Па-другое, правакуе палітычны крызіс у Кіеве. Уладзімір Зяленскі, атрымліваючы аналітычныя справаздачы сваіх генералаў, не можа працягваць прытрымлівацца пацыфісцкай палітыкі і вымушаны мяняць рыторыку, што, зразумела, не знаходзіць разумення ў вялікай часткі ягонага ядзернага электарату.

Самы негатыўны сцэнар развіцця расейска-ўкраінскага супрацьстаяння нясе пэўныя рызыкі для Беларусі. У прыватнасці, на фоне рэальнай вайны праблемы з правамі чалавека і палітычны крызіс у нашай краіне перастануць знаходзіцца ў фокусе ўвагі Захаду. Гэта будзе азначаць, што ўлада беспакарана зможа падвысіць градус рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. З іншага боку, вайсковае сутыкненне прымусіць Расею пайсці на шалёныя матэрыяльныя выдаткі, якія абмяжуюць магчымасці Масквы спансараваць уладу Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ