Пра турыстычную фішку



Раз-пораз замежныя сябры пытаюць, што можна паглядзець у Беларусі такога, чаго няма нідзе. Пытанне актуальнае, бо з нядаўняга часу ўсё больш прыадчыняюцца дзверы ў нашую самую гасцінную краіну ў свеце. На “бязвіз” клююць палякі з літоўцамі. Часам у нашыя прэрыі заязджаюць і прадстаўнікі іншых нацый. Што ж ім такога паказаць, каб запомнілася? Можна, вядома, павазіць гасцей па заходніх рубяжах з рэдкімі замкамі. Але ўразіць нашых еўрапейскіх суседзяў еўрарамонтам сярэднявечных будынкаў наўрад ці атрымаецца. Ды і навошта, калі ў нас ёсць больш адметныя з’явы і традыцыі, якія наўрад ці пакінуць абыякавымі замежнікаў. Напрыклад, “дзікае паляванне” ад міліцыянтаў на галоўнай тусовачнай вуліцы сталіцы. Заўсёднікі бараў на Зыбіцкай кажуць, што з пацяпленнем сталася заўважнай надзвычайная актыўнасць міліцыянтаў. Праваахоўнікі, паводле словаў наведнікаў бараў, могуць падхапіць пад ручкі падагрэтага алкаголем кліента і ласкава суправадзіць яго ў аддзяленне міліцыі. Там на шчасліўчыка аформяць пратакол за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы. А калі пашанцуе, то аформяць на суткі. Пагадзіцеся, небанальны від адпачынку. Дзе яшчэ такое можна ўбачыць? Проста рай для аматараў экстрэмальнага турызму.

Што цікава, паведамленні ў прэсе пра такія рэйды праваахоўнікаў па цэнтры горада надта не падабаюцца міліцэйскаму начальству. Настолькі не падабаюцца, што на афіцыйных сайтах ведамства з’яўляюцца дзёрзкія прэс-рэлізы, у якіх міліцыянты пераконваюць, што ніякага “дзікага палявання” на кліентаў бараў на вуліцы Зыбіцкай не было. Маўляў, хапуна не было, але сарамліва прызнаюцца, што некалькі дзясяткаў чалавек за распіццё ўсё-такі ўзялі. Але ўсё адно ва ўсім вінаватыя “псеўдажурналісты”, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ