Пра ўгодкі самага масавага мітынга ў гісторыі Беларусі
Роўна 2 гады прайшло з моманту самай шматлюднай акцыі пратэсту ў Беларусі. 16 жніўня 2020 года адначасова ва ўсіх абласных і амаль ва ўсіх раённых цэнтрах па ўсёй краіны выйшлі на вуліцы і плошчы гарадоў беларусы, якія патрабавалі расследавання неадэкватнага гвалту з боку сілавікоў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле розных падлікаў, у той акцыі ўдзельнічала да мільёна чалавек. Гэта абсалютны рэкорд не толькі ў найноўшай гісторыі Беларусі, але і для Усходняй Еўропы за апошнія гадоў 30. Нават у некаторых краінах, дзе перамаглі аксамітныя рэвалюцыі, столькі грамадзянаў у працэнтных суадносінах ад агульнай колькасці насельніцтва не выходзілі ніколі. А калі ўлічыць, што многія, хто падтрымліваў справядлівыя лозунгі пратэстоўцаў, збаяліся выйсці на акцыю пратэста па зразумелых прычынах, то маштаб непрымання ўлады ў рэаліях 2020 года становіцца зразумелым. Па сутнасці, можна сказаць, 16 жніўня 2020 года адбылося сапраўднае народнае веча, якое ва ўсіх рэгіёнах краіны канстатавала неабходнасць тэрміновай змены ўлады.
На масавы выхад людзей два гады таму паўплывалі некалькі фактараў. Гісторыкі, якія будуць вывучаць феномен рэкордных пратэстаў у 2020 годзе, звернуць увагу на тое, што беларусы насамрэч актывізаваліся на фоне беспрэцэдэнтнага гвалту з боку сілавікоў. Менавіта неадэкватныя рашэнні па задушэнні пратэстаў прывялі да таго, што абураныя беларусы выйшлі на мітынгі па ўсёй краіне. Гэта якраз той выпадак, калі ўлады перагнулі палку. Яшчэ адным фактарам масавасці пратэста стала палітызацыя шырокіх масаў, на што паўплывалі памылковыя дзеянні кіраўніцтва краіны ў плане супрацьдзеяння каронавіруснай пандэміі і іх залішняя перакананасць рэжыму ў сваёй беспакаранасці. Такім чынам, народ абудзіўся, чым здзівіў не толькі ўвесь свет, які ад нас нічога асаблівага не чакаў, але і саміх сябе. Беларусы ўбачылі, што нас большасць. Тыя адчуванні перамогі над уласнымі страхамі і комплексам непаўнавартасці ўжо ніколі не забудуцца і лягуць у аснову нашага нацыянальнага міфа.
Аднак, як гэта здараецца ў гісторыі, не заўсёды настроі грамадства ўплываюць на ўладную вертыкаль, асабліва калі яна аб’яднаная ідэалогіяй, рэсурсамі і страхам адказнасці. Уладу Беларусі ўратаваў выключна мірны характар пратэстаў і адсутнасць рашучага лідарства. Аднак тое самае можна сказаць і пра пратэстоўцаў, якія ў выніку мірнага пратэсту ўратавалі здароўе і, самае галоўнае, жыцці. Нягледзячы на тое, што праз месяц сілавы блок ачомаўся ад стрэсу і пачаў помсціць за свае страхі, усё ж сітуацыя ў Беларусі змянілася незваротна. На дадзены момант улада ў краіне ўтрымліваецца выключна цаной гвалту і расейскай падтрымкі. На такім падмурку будаваць паспяховую краіну немагчыма. Адпаведна, перамога беларускага народу ўсё адно наступіць, як бы камусьці не хацелася павярнуць час назад.