Пра ўплыў аварыі на ЧАЭС на Беларусь



26 красавіка Беларусь згадвае 35-ю гадавіну з моманту самай маштабнай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва. Нягледзячы на тое, што наступствы выбуху на ЧАЭС непасрэдна датычаць Беларусі і яе жыхароў, сёлета мемарыяльных мерапрыемстваў па ўсёй краіне практычна не будзе. Людзі занятыя выжываннем, дзяржава ў паралельнай рэчаіснасці развівае атамную энергетыку і піярыць АЭС у Астраўцы. Словам, быццам бы і не было нічога ў далёкім 1986-м годзе, быццам няма забруджаных нябачнымі радыёнуклідамі тэрыторый, быццам няма праблем з анкалагічнымі захворваннямі і іншых наступстваў ад паўзабытай трагедыі.

Прыгадваю, як пару гадоў таму некалькі лідараў апазіцыйных партый заявілі, што не збіраюцца падаваць заяву на правядзенне Чарнобыльскага шляху, паколькі гэтая акцыя страціла актуальнасць. Тады гэтая заява выклікала абурэнне пэўнай часткі грамадства. Дзеля справядлівасці, пазней тыя, хто заявіў пра “страту актуальнасці”, выйшлі самі на несанкцыянаванае шэсце і былі прыцягнутыя да адказнасці. Зрэшты, сёлета ўлада пазбавіла апазіцыйных палітыкаў дылемы, адмовіўшы ў заяўцы на правядзенне акцыі памяці. Менгарвыканкам у адмове спаслаўся на тое, што заяўнікі нібыта не заключылі дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнікамі, а таксама выбралі маршрут, які супярэчыць патрабаванням “закону”. Але, самае галоўнае, забарона нібыта абумоўленая антыкавіднымі мерамі, цытуем дакумент: “У мэтах прафілактыкі і мінімізацыі распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, выканання дзеючых рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, лічым непажаданым правядзенне масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы”. Такім чынам, 35-годдзе з моманту катастрофы на ЧАЭС у Беларусі пройдзе ў выглядзе нешматлікіх імпрэз з невялічкай колькасцю людзей, віртуальных акцый і тэматычных матэрыялаў, апублікаваных у СМІ.

За тры з паловай дзесяцігоддзі пасля катастрофы на атамнай станцыі ў Чарнобылі было праведзена мноства даследаванняў, па выніках якіх напісаліся дзясяткі тысячаў тэкстаў рознай каштоўнасці. Збольшага пісалася і гаварылася пра экалагічныя, медычныя і эканамічныя наступствы ад “мірнага атаму”, што выйшаў з-пад кантролю чалавека. Менш аналізаваліся іншыя моманты, якія змянілі нашае жыццё пасля 1986 года. У прыватнасці, аспектам, які часта ўпускаецца з віду даследчыкаў, з’яўляюцца негатыўныя сацыяльна-культурныя наступствы ад катастрофы на ЧАЭС. У выніку прымусовага высялення жыхароў соцень сельскіх населеных пунктаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей былі парушаныя спрадвечныя сацыяльныя сувязі і побытавыя звычкі тысяч людзей, якія так і не змаглі адаптавацца да новых месцаў пражывання. Праблемы з алкагалізацыяй насельніцтва і стратай беларускай мовы ў некаторых рэгіёнах краіны таксама шмат у чым могуць быць выкліканыя менавіта парушэннем традыцыйнага ладу жыцця беларусаў з сельскіх мясцовасцей.

Беларуская палітычная навука мала даследавала тэму ўплыву катастрофы на ЧАЭС на фармаванне палітычнай культуры беларусаў, на тое, як паўставалі нефармальныя аб’яднанні, што ў канцы 1980-х аформіліся ў антысавецкі БНФ. Не будзе перабольшаннем сцвярджаць, што Чарнобыль стаў трыгерам для таго, каб жыхары БССР пачалі развітвацца з камуністычным мінулым. І больш за тое, катастрофа на ЧАЭС стала складнікам новай ідэнтычнасці беларусаў, якія атрымалі прышчэпку ў выглядзе трывалага недаверу да ўсяго, што звязана з дзяржавай.

Яшчэ адным наступствам Чарнобыля, якое мы мала ўсведамляем, стала тое, што сотні тысяч беларускіх дзяцей пабывалі на адпачынку ў развітых еўрапейскіх краінах, дзе іх прымалі гасцінныя і добразычлівыя людзі. Убачыўшы на свае вочы высокі ўзровень жыцця ў дэмакратыях, маленькія беларусы назаўжды захавалі ў сваіх сэрцах любоў і ўдзячнасць да Еўропы. Колькі б дзяржпрапагандысты не спрабавалі насаджаць недавер да еўрапейскіх суседзяў, гэта ўсё будзе міма. Зрэшты, лідарка вольных беларусаў Святлана Ціханоўская, якая па чарнобыльскай праграме ў свой час гасцявала ў Ірландыі, – якраз той прыклад, калі прадстаўнікі пакалення, на дзяцінства якога прыпала тая катастрофа, выбіраюць свядома Еўропу і без асаблівых ваганняў развітваюцца з савецкім мінулым.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ