Пра ўстойлівасць рэжыму



Другі месяц у Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Мітынгі, у якіх удзельнічаюць сотні тысяч грамадзянаў па ўсёй краіне, паказалі, што народ з абыякавай масы пераўтварыўся ў суб’ект палітыкі, які больш не намераны цярпець гвалт і тыранію. Асноўная прычына канфлікту, калі разумець яго менавіта ў кантэксце ўзнікнення беларускай палітычнай нацыі, заключаецца ў тым, што афіцыйныя эліты па-ранейшаму адмаўляюцца прызнаваць тое, што народ усвядоміў сябе рэальнай уладай. Класічная рэвалюцыйная формула: вярхі не могуць, нізы не хочуць. Улады вераць у тое, што пратэсты маюць часовы характар і імі кіруюць замежныя лялькаводы. Аднак чым пазней улады усвядомяць хібнасць свайго бачання, тым горшыя наступствы чакаюць беларускую дзяржаву, якая апынулася праз недальнабачнасць кіраўніка краіны ў тупіковай сітуацыі. 

Працяглыя і масавыя пратэсты беларускага грамадства, хоць і не прывялі да імгненных пераменаў, выявілі слабасці палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Праз 50 дзён з моманту пачатку народнага паўстання відавочна, што трываласць усёй канструкцыі ўлады забяспечваецца збольшага двума фактарамі: знешнепалітычнай падтрымкай з боку Крамля і апорай на сілавы апарат унутры краіны. Калі з расейскай дапамогай кіруючым элітам усё зразумела, бо паспяховы досвед трансфармацыі аўтарытарызму ў Беларусі можа стаць прыкладам для расейцаў. То з апорай на сілавы блок узнікае шмат пытанняў.

Маштаб пратэстаў супраць дзейнай улады ў Беларусі настолькі вялікі, што, здавалася б, пераход сілавікоў на бок прыхільнікаў пераменаў – справа вырашаная. Аднак нават самаахвярнасць беларусаў, нават падтрымка пратэстоўцаў з боку большасці насельніцтва і мірны характар акцый не справакавалі масавага сыходу супрацоўнікаў сілавых структураў. Прынамсі, няма пераканаўчых прыкметаў таго, што адбываецца незваротная карозія сілавога апарату. Нават дапускаючы думку, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў, калі яны не згодныя з дзеяннямі ўлады, звальняюцца без асаблівага шуму, усё роўна няма прыкметаў таго, што ўдарныя ведамства МУС, КДБ і Мінабароны надта пераймаюцца з нагоды недастатковай легітымнасці вярхоўнага галоўнакамандуючага. Аналізуючы дзеянні сілавікоў, бачна, што яны досыць эфектыўна выконваюць нават самыя абсурдныя і сумнеўныя з пункту гледжання закону загады.

Чаму сілавікі не пераходзяць на бок народу? Адказаў на гэтае пытанне можа быць некалькі. Сярод іх, аднак, найбольш праўдападобным з’яўляецца той, што кіраўнікі сілавых ведамстваў і ладная частка сярэдняга звяна насамрэч вераць у сваю місію па абароне дзяржавы ад наймітаў падступнага Захаду. Не менш важнай прычынай лаяльнасці сілавікоў да ўлады з’яўляецца сістэма матэрыяльных стымулаў і, наадварот, спагнанняў у выпадку звальнення. Разам з тым, назваць гэтую мадэль дачыненняў улады з грамадствам устойлівай не выпадае. Сілавы блок страціць лаяльнасць да кіраўніцтва краіны, калі адбудзецца далейшая эскалацыя канфлікту. Беларусь – не настолькі вялікая, каб дазволіць сабе беспакарана павялічваць градус пераследу. Рана ці позна сярод грамадзянаў, якія трапяць пад каток рэпрэсій, непазбежна апынуцца і блізкія сілавікоў. І вось тады, можна не сумнявацца, адданасці сілавога блоку наступіць канец.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ