Пра ўцягванне Беларусі ў новую халодную вайну 



Генеральная пракуратура РБ анансавала адкрыццё крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народу ў гады ІІ Сусветнай. Прадстаўнікі пракуратуры гавораць, што ў выніку працы спецыялістаў у архівах органаў дзяржбяспекі адкрылася невядомая раней інфармацыя пра зверствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі ў гады апошняй вайны. Маўляў, гэта робіцца для таго, каб патрабаваць выдачы ваенных злачынцаў, якія яшчэ жывыя. У адным з каментароў дзяржСМІ генпракурор Андрэй Швед заяўляе, што заведзеная крымінальная справа нібыта дасць прававыя асновы для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.

Патрэба ў крымінальнай справе па факце генацыду беларусаў – прадукт хутчэй прапагандысцкага паходжання, чымся рэальная патрэба грамадства. Пра штучнасць дадзенага захаду сведчыць тое, што адкрыццё крымінальнай справы ініцыяванае не групай грамадзянаў альбо асобнымі людзьмі, чые продкі пацярпелі ад злачынстваў нацызму, а спушчана дырэктыўным чынам зверху. Такі падыход гаворыць пра тое, што афіцыйны Менск абсалютна свядома робіць чарговы крок у бок канфрантацыі з калектыўным Захадам. І крок гэты выкліканы зусім не разыходжаннямі ў інтэрпрэтацыі гісторыі ХХ стагоддзя, а бягучымі палітычнымі падзеямі.

Асноўны прапагандысцкі трук уладаў Беларусі – гэта спроба ўвязаць пратэсты прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў з адраджэннем неанацызму. Калі прааналізаваць змест сюжэтаў у дзяржСМІ, то аўтары выкрывальніцкіх матэрыялаў не надта крэатывяць, прыраўніваючы мірных пратэстоўцаў пад бел-чырвона-белым сцягам да калабарацыяністаў часоў нямецкай акупацыі. Логіка такіх дзеянняў да прымітыўнага простая: калі на мітынгі супраць улады выходзяць “нашчадкі паліцаяў”, то Еўропа, якая падтрымлівае ўсё гэта, з’яўляецца донарам сучаснага неанацызму. Адсюль вынікае, што асноўная задача гэтай крымінальнай справы – гэта не пакаранне злачынцаў, а абслугоўванне актуальных ідэалагічных патрэбаў рэжыму ў інфармацыйнай вайне з апанентамі ўлады.

Аднак не трэба скідваць з рахункаў тое, што зварот да тэмы ІІ Сусветнай вайны з’яўляецца таксама чарговым пацверджаннем сінхранізацыі заканадаўства Беларусі з РФ. У канструкцыі сістэмы дзяржаўнай ідэалогіі Расеі Вялікай Айчыннай вайне адводзіцца надзвычай вялікая, калі не ключавая роля. Перамога СССР над Берлінам не толькі натхняе Крэмль на далейшае супрацьстаянне з Захадам, але і з’яўляецца адным з элементаў ідэнтычнасці цяперашніх расейцаў. У Расеі паслядоўна прымаюцца розныя заканадаўчыя акты, задачай якіх з’яўляецца замацаванне савецкіх ідэалагічных пастулатаў адносна падзей ІІ Сусветнай у масавай свядомасці расейцаў. Адпаведна, імкненне ўладаў Беларусі пераняць расейскі досвед у рэгуляванні палітыкі памяці – гэта тэндэнцыя, якая сведчыць пра тое, што Беларусь уцягваецца на правах саюзніка ў новую халодную вайну Расеі з дэмакратычным светам.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ