Пра вайну супраць вольнай энцыклапедыі



Праваабаронцы прызналі палітвязнем вядомага блогера, рэдактара артыкулаў у рускамоўнай Вікіпедыі Марка Бернштэйна. На дадзены момант вядома таксама пра пераслед яшчэ аднаго вікі-актывіста — берасцейца Паўла Пернікава. Абодва беларускія грамадзяне сталі ахвярамі атакі на аўтараў Вікіпедыі, якую арганізавалі спецслужбы РФ і РБ у апошнія тыдні.

Марк Бернштэйн трапіў у поле зроку органаў пасля даносу аднаго з расейскіх чарнасоценскіх тг-каналаў, у якім яго звінавацілі ў распаўсюдзе фэйкаў пра ўварванне войскаў РФ ва Украіну. Асабістыя дадзеныя актывіста былі выкладзеныя ў свабодным доступе, а на адрас беларуса прагучалі пагрозы. Пасля публікацыі даносу да Марка Бернштэйна прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія затрымалі яго на падставе распаўсюду “русафобскіх” фэйкаў. Цікава, што першапачаткова тг-каналы карнай структуры слова ў слова паўтарылі фармулёўкі расейскіх калегаў пра тое, што беларускі грамадзянін затрыманы на падставе парушэння расейскага закону “Аб фэйках пра расейскую армію”, падпісанага Уладзімірам Пуціным 4 сакавіка 2022 года. Аднак пазней “беларускія” ўладаахоўнікі паправіліся і пасля вывучэння інфармацыйных матэрыялаў з канфіскаванай тэхнікі Марка Бернштэйна яны інкрымінавалі яму “народны” артыкул 342 Крымінальнага Кодэксу — арганізацыя і ўдзел у масавых закалотах. У любым выпадку затрыманне і арышт беларускага грамадзяніна Марка Бернштэйна па наводцы расейскіх органаў паказвае высокую ступень кааперацыі лукашэнкаўскіх органаў з ФСБ.

Справа берасцейца Паўла Пернікава, хоць трошкі іншая па фабуле, але па храналогіі супадае з пераследам Марка Бернштэйна. Гэта пацвярджае версію пра тое, што пераслед аўтараў свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі з’яўляецца спланаванай у Крамлі спецаперацыяй супраць непадкантрольнага дыктатарам і папулярнага ва ўсім свеце рэсурса. Жыхара беларускага Берасця затрымалі па абвінавачанні ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369-1 КК). Яму інкрымінуецца тое, што ў перыяд з 29 снежня 2020 года па 30 красавіка 2021 года ён размясціў на сайце Wikipedia “недакладную інфармацыю” і “ілжывыя звесткі” пра дзейнасць праваахоўных і дзяржаўных органаў Беларусі. У прыватнасці, ідзе гаворка пра персанальныя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага кіраўніка РБ і цэнзуру ў СМІ.

Атака на аўтараў і рэдактараў Вікіпедыі — гэта скаардынаваная кампанія спецслужбаў двух дзяржаваў РФ і РБ, якія імкнуцца запалохаць аўтараў вольнай энцыклапедыі, прымусіць іх працаваць ва ўмовах самацэнзуры. Такія дзеянні — гэта лагічны працяг змагання ораганаў бяспекі са свабодай слова ў дзвюх краінах. Пасля зачысткі незалежных СМІ, а таксама пераследу грамадзянаў за публікацыі на сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках, удар па Вікіпедыі, якая з’яўляецца крыніцай ведаў для мільёнаў людзей, быў справай часу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ