Пра вайну з польскімі месцамі памяці
За апошнія тыдні на фронце беларуска-польскіх дачыненняў, акрамя ўвядзення спрэчнага бязвізу для грамадзянаў Польшчы, праявіліся некаторыя негатыўныя тэндэнцыі, якія будуць вызначаць узаемадачыненні між народамі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. У прыватнасці, прыходзяць трывожныя навіны пра знішчэнне могілак польскіх жаўнераў на тэрыторыі Беларусі. На выпадкі варварскага абыходжання з польскімі месцамі памяці, якія маюць прыкметы сістэмнай дзяржаўнай палітыкі, адрэагавала афіцыйная Варшава. Дэпутат польскага Сейма Робэрт Тышкевіч на сваім акаўнце ў ФБ назваў знішчэнне некропаля жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну “актам дзяржаўнага вандалізму (…), які павінен сустрэць рашучую рэакцыю польскіх уладаў”. У канцы чэрвеня МЗС Польшчы асудзіла апаганьванне магіл і помнікаў у Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкавічах.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, эксгумаваныя парэшткі польскіх ваяроў звозяцца ў Эйсманты Бераставіцкага раёна, дзе знаходзяцца могілкі польскіх жаўнераў часоў савецка-польскай вайны. І нібыта падобныя мерапрыемствы адбываюцца з удзелам афіцыйных органаў у межах расследавання справы “Аб генацыдзе беларускага народу”. Відавочна, у дадзеным выпадку можна гаварыць, што пад “шумок” аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў Беларусі насамрэч адбываецца змаганне са знакамі польскай прысутнасці. Навошта беларуская дзяржава змагаецца з польскімі месцамі памяці? Адказаў на гэтае пытанне некалькі.
Па-першае, афіцыйны Менск разглядае Польшчу як краіну, якая ўвесь час стварае непрыемнасці праз падтрымку дэмакратычных СМІ і беларускай апазіцыі. Адпаведна, усе негатыўныя захады, якія мелі месца ў апошнія гады ў дачыненні да Варшавы, абумоўленыя спробай уладаў Беларусі зрабіць цану пытання падтрымкі апанентаў рэжыму надзвычай высокай. Гэта датычыць як спрыянню міграцыйнаму крызісу, так і цяперашняй вайны з польскімі месцамі памяці. У абодвух выпадках рэжым намацаў балючыя кропкі, якія прадказальна выклікаюць раздражненне Варшавы.
Па-другое, імкненне прыбраць з тэрыторыі Беларусі польскія помнікі абумоўлена спецыфічнай карцінай светапогляду цяперашняга кіраўніцтва краіны, выхаванага на ідэалагічных пастулатах памяці пра ІІ Сусветную вайну. Згодна канонам савецкай прапаганды, ахвяры не маглі мець асобнае этнічнае паходжанне, адносяцца ў лепшым выпадку да супольнасці “савецкі народ”. У гады СССР нават спробы габрэйскай грамады паставіць помнікі забітым суродзічам выклікалі супраціў у камуністычных эліт. Што да помнікаў польскім антысавецкім партызанам, то тут непрыманне відавочнае.
Па-трэцяе, узмацненне таталітарных тэндэнцый у Беларусі выключае магчымасць у грамадзянаў самастойна праводзіць палітыку памяці, якая супярэчыць афіцыйным дактрынам. Адпаведна, дзяржава накладае забарону на альтэрнатыўныя спробы ўшанаваць ахвяраў злачынных рэжымаў ХХ стагоддзя, пакідае толькі за сабой права вырашаць, каму ставіць помнікі і чые надмагіллі прыбіраць. У такім кантэксце лёс польскіх помнікаў не надта адрозніваецца ад тых нефармальных месцаў памяці, якія стваралі беларусы ў больш лагодныя часы ахвярам сталінскіх рэпрэсій ці пацярпелым ад тэхнагенных савецкіх катастроф.