Пра “Востраў Беларусію”
Пасля падзей 2020 году, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выйшла рэкордная колькасць прыхільнікаў пераменаў, улада істотна змяніла рыторыку. Прапаганда стала больш агрэсіўнай. Нават тыя сціплыя і стрыманыя праявы Беларушчыны на старонках афіцыйных выданняў і ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў раптам сталі непажаданымі. Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, хоць афіцыйна не былі забароненыя і не прызнаныя экстрэмісцкімі сімваламі, сталі атакавацца з усіх бакоў. Прычым да ўзроўню непрымання гістарычных сімвалаў беларускай нацыі, якія можна назіраць цяпер, далёка нават познім савецкім часам. У канцы існавання СССР цэнзура і сервільная гістарыяграфія ў асноўным замоўчвалі факт існавання альтэрнатыўных сімвалаў.
Зрэшты, не толькі сцягу і гербу дастаецца. Калі пачытаць афіцыйныя сайты, бачна, што зверху далі “зялёнае святло” на тое, каб бэсціць усе праявы несавецкай беларускай традыцыі – ад Кастуся Каліноўскага і да дзеячаў БНР. Інакш кажучы, беларусам дазваляецца акцэнтаваць сваю суб’ектнасць толькі ў межах савецкага праекту, які, па сутнасці, з’яўляецца мадыфікацыяй расейскага імперскага наратыву. З такога падыходу вынікае, што беларусы павінны бясконца дзякаваць “вялікім братам” за дазвол ствараць дзяржаву на сваёй зямлі. Фактычна нам, прадстаўнікам тытульнай нацыі, адмаўляецца ў праве на тое, што мы маем гістарычныя і іншыя падставы для пабудовы незалежнай і суверэннай дзяржавы.
У 1990-м годзе савецкія чытачы атрымалі магчымасць свабодна прачытаць бестсэлер пісьменніка-эмігранта Васіля Аксёнава “Востраў Крым”. У аснове сюжэта фантастычнага раману — “альтэрнатыўная гісторыя” пра тое, як пасля Грамадзянскай вайны на абсягах былой Расейскай імперыі бальшавікі не змаглі ўтрымаць у руках Крым. Прадстаўнікі “Белага руху” замацаваліся ў Крыме і зрабілі яго пры падтрымцы Захаду паўнавартаснай дзяржавай, незалежнай ад СССР. Інакш кажучы, выдуманы Васілём Аксёнавым “востраў Крым” з’яўляўся альтэрнатыўнай мадэллю рускай цывілізацыі — той фантазіяй, пра якую марылі расейскія лібералы і дэмакраты ў гады Перабудовы. Прыблізна як Каўлунская паўвыспа, на якой размясціўся Ганконг з яго дэмакратыяй і развітым рынкам, у адносінах да камуністычнага Кітаю. Аднак, нягледзячы на адносна высокі ўзровень эканамічнага развіцця і наяўнасці свабод, жыхары аксёнаўскага “вострава Крым” усё адно імкнуліся аб’яднацца з камуністычным альтэр-эга СССР. Насуперак логіцы і інстынкту самазахавання. А калі гэты момант настаў, дзякуючы намаганням аднаго з галоўных герояў раману, большасць станоўчых персанажаў загінула.
Калі пачытаць “свежыя гістарычныя” публікацыі ў галоўных дзяржаўных выданнях краіны, можна ўбачыць абсалютнае непрыманне атрыбутаў беларускай несавецкай традыцыі. Вядучыя аўтары і прапагандысты выпраменьваюць “стары добры” заходнерусізм і настальгуюць па велічы былой імперыі, у якой, як яны спадзяюцца, ім знойдзецца месца. У сваіх тэкстах яны фактычна ствараюць вобраз ізаляванага ад свету “Вострава Белоруссія” — такой сабе іншай Расеі, якая імкнецца ў абдымкі метраполіі з суіцыдальным энтузіязмам.