Пра вынікі двух месяцаў пратэстаў 



У Беларусі роўна два месяцы не суціхаюць масавыя паслявыбарчыя пратэсты. Калі ў першыя тыдні па ўсёй краіне на акцыі выходзілі дзясяткі і сотні тысяч грамадзянаў, то цяпер колькасць удзельнікаў, калі не браць у разлік сталіцу, паменшылася. Фармат акцый стаў змяняцца. Прыхільнікі пераменаў адыходзяць ад тактыкі лабавога сутыкнення, займаюцца іншымі актыўнасцямі, якія не нясуць вялікай пагрозы пратэстоўцам, але ўмацоўваюць гарызантальныя адносіны паміж людзьмі.

У Менску асноўная пратэстовая актыўнасць штовечар праходзіць у спальных раёнах, дзе жыхары шматкватэрных дамоў слухаюць лекцыі, ладзяць канцэрты, танчаць і знаёмяцца з суседзямі. Гэтыя сустрэчы звычайна праходзяць пад бел-чырвона-белай сімволікай. У рэгіёнах падобныя праявы грамадзянскасці не настолькі заўважныя, але жыхары абласных і раённых цэнтраў стараюцца таксама ад сталіцы не адставаць. Нехта з публіцыстаў параўнаў такі характар мірнага супраціву грамадзянаў з гарэннем балота. Асаблівасць тарфянога пажару заключаецца ў тым, што, хоць яны разгараюцца і распаўсюджваюцца павольна, але працягвацца могуць вельмі доўга. Беларусы вучацца сябраваць з суседзямі, засвойваюць прынцыпы салідарнасці і мірнага пратэсту. І ўлада, якая прызвычаілася брутальна разганяць дэманстрацыі, бездапаможная ў такіх выпадках. Сілавікі працягваюць пераслед актыўных грамадзянаў, але пры гэтым настройваюць супраць сябе фактычна ўвесь народ.

Калі пачытаць навіны пра маштаб рэпрэсій супраць апазіцыянераў, творцаў, навукоўцаў, спартоўцаў, працоўных і прадстаўнікоў іншых груп насельніцтва, складваецца ўражанне, што незалежнае грамадства паступова страчвае пазіцыі. Асабліва гэта ўражанне падмацоўваецца сумнымі высновамі пра татальнае беззаконне ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Сілавікі і суддзі не пераймаюцца нават бачнасцю законнасці, нават не робяць выгляд, што іх дзеянні носяць прававы характар. Адвольныя затрыманні грамадзянаў пасярод вуліцы, якія ажыццяўляюць невядомыя асобы ў форме без знакаў адрознення і ў балаклавах, нагадваюць рэаліі некаторых лацінаамерыканскіх дыктатур. Тое самае датычыць і вобшукаў у журналістаў з канфіскацыяй тэхнікі, якія праводзяцца паводле адміністрацыйных справаў. Юрыст Максім Знак, які цяпер знаходзіцца за кратамі, трапна назваў сітуацыю ў Беларусі прававым дэфолтам.

Многія беларусы, начытаўшыся навінаў пра праявы прававога дэфолту, сталі ўпадаць у роспач. Маўляў, дзяржава не глядзіць ні на якія законы, раскручвае спіраль нянавісці беспакарана, што сведчыць пра тое, што шанцаў перамагчы практычна не засталося. Аднак, як гэта ні парадаксальна гучыць, менавіта прававы дэфолт – галоўная прыкмета таго, што ўлады дзейнічаюць з апошніх сілаў. Бюракратычны апарат не можа існаваць па-за рамкамі ўсталяваных правіл. Калі знікаюць арыенціры і перастаюць працаваць нават недасканалыя законы, адбываецца паралюш усёй дзяржмашыны. Калі сітуацыя будзе развівацца ў такім жа рэчышчы, то бюракраты перастануць працаваць нават па інэрцыі. Тое самае адбудзецца і з сілавікамі, якія ва ўмовах беззаконня перастануць успрымаць прынцып іерархічнасці структур і, як вынік, будуць выконваць толькі тыя загады, якія выгадныя ім самім. Тое, што нам падаецца на гэты момант прыкметай паразы, насамрэч гаворыць пра глыбокі крызіс улады, якая і далей працягвае рабіць усё для дэлігітымізацыі сябе ў вачах абсалютнай большасці насельніцтва.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ