Пра высокую духоўнасць і ЧС па футболе



Тры з’явы можна назіраць бясконца: як цячэ рака, як гарыць агонь і як вучаць нас маралі людзі з сумнеўнай рэпутацыяй. Старшыня камітэта Дзяржаўнай думы Расіі па пытаннях сям’і, жанчын і дзяцей Тамара Плятнёва заклікае расейскіх жанчын не ўступаць у інтым з замежнікамі падчас Чэмпіянату свету па футболе. Маўляў, падобныя паводзіны дзяўчын вядуць да нараджэння дзяцей у няпоўных сем’ях. І працягнула сваю думку: “Добра, калі яшчэ адной расы, а калі іншай расы, то зусім. Мы сваіх дзяцей павінны нараджаць. Я не нацыяналіст, але тым не менш”. І ў якасці дадатковага аргумента прывяла прыклад Алімпіяды 1980-га года, якая праходзіла ў СССР. Тады насамрэч падчас спартовых мерапрыемстваў “жалезная заслона” была трошкі прыўзнятая. Адным з пабочных вынікаў той Алімпіяды сталіся кантакты самых маральных савецкіх грамадзянаў з разбэшчанымі замежнікамі. Зразумела, часам ад гэтых кантактаў нараджаліся дзеці. Як ім, дзеткам ад бацькоў розных расаў і з цяжкімі для саўдэпаўскага вуха прозвішчамі, жылося, уявіць дастаткова лёгка. Але гаворка не пра тое. У ХХІ стагоддзі прадстаўнік крамлёўскай эліты ў шматнацыянальнай Расеі засцерагае суайчынніц ад міжрасавага кантакту падчас міжнародных футбольных спаборніцтваў… Яшчэ трошкі – і маральнасць гасцей і ўдзельнікаў ЧС будуць кантраляваць дружыннікі накшталт іранскіх вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі. Не так паглядзела на замежніка – 10 удараў бізуном. Правяла вечар з ім у кавярні – 100 удараў. Хаця, у прынцыпе, гэтыя фантазіі не так далёка адарваліся ад расейскай рэчаіснасці. Вунь казакі з горада Растоў-на-Доне абяцаюць, што будуць патруляваць вуліцы горада падчас ЧС па футболе і сачыць за мужчынамі, якія цалуюцца. Не за парадкам сачыць, не за футболам, а за мужчынскімі пацалункамі… Пачытаеш такое і дзіву даешся, як такая высокая духоўнасць спалучаецца са шматгадовым чэмпіёнствам РФ у свеце па колькасці абортаў і разводаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ