Пра замежныя ваяжы Крамля
Уплывовае інфармацыйнае агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы анансуе правядзенне рэферэндума на акупаваных расейцамі ўкраінскіх тэрыторыях. Галасаванне, якое мае “ўзаконіць” далучэнне акупаваных земляў да РФ, павінна прайсці ў верасні. Паводле інфармацыі выдання, рэферэндум запланаваны ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцях. Калі дадзеныя звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, то Украіна ў выніку рэферэндума можа страціць пятую частку сваёй тэрыторыі, губляе наземнае спалучэнне з Крымам і выхад да Азоўскага мора, перастае кантраляваць частку акваторыі Чорнага мора, не зможа атрымліваць ніякага прыбытку ад прадпрыемстваў і сяльгасугоддзяў.
Інфармацыя пра спробу прававога афармлення анексіі ўкраінскіх тэрыторый шляхам рэферэндуму прагучала на фоне турнэ Уладзіміра Пуціна на Бліжні Усход. Паралельна з гэтым міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў, а таксама іншыя высокапастаўленыя асобы Крамля, адкрыта пагражаюць Захаду пра тое, што гатовыя пайсці на абвастрэнне канфлікту ў выпадку далейшай падтрымкі Украіны ўзбраеннем, дадзенымі выведкі і іншымі формамі салідарнасці. Відавочна, афіцыйная Масква ужо прыняла рашэнне адносна далучэння захопленых земляў. А дыпламатычныя навіны сведчаць пра тое, што РФ актыўна шукае сабе саюзнікаў у Іране, Турцыі і іншых краінах рэгіёна. Інтэнсіўнасць сустрэч з палітычным кіраўніцтвам згаданых дзяржаваў сведчыць пра тое, што Крэмль рашыўся на эскалацыю канфлікта. Адпаведна, ад Тэгерану і Анкары РФ чакае сама меней нейтралітэту, калі вайна выйдзе на іншы ўзровень. У гэтым кантэксце пагрозы Лаўрова адносна таго, што РФ не спыніцца на захопленых тэрыторыях трэба разглядаць як імкненне пазбавіць Украіну паставак зброі з боку заходняй кааліцыі. Усе падобныя захады Масквы абумоўленыя страхам перад украінскім контрнаступам на Поўдні. Разумеючы, што аперацыя па вызваленні можа пачацца ў бліжэйшыя дні, РФ імкнецца дабіцца таго, каб Украіна не мела ніякай знешняй падтрымкі і змірылася са стратай тэрыторый.
Амерыканскія аналітыкі з даследчай інстытуцыі The Institute for the Study of War зазначаюць, што Расея спяшаецца анексаваць акупаваныя тэрыторыі, каб потым заявіць, што любая спроба атакі на яе новыя межы адкрывае магчымасць для выкарыстання ядзернай зброі. Такім чынам, ва Украіны застаецца крытычна мала часу (да верасня) для вяртання захопленых абласцей. Аднак, як бы там Масква ні спяшалася, сумнеўна, што правядзенне нейкага псеўдарэферэндума вырашыць раз і назаўжды праблемы ва ўзаемадачыненнях Украіны і РФ. Грамадзяне Украіны, якія прайшлі праз жудасныя выпрабаванні апошніх месяцаў, не змірацца з адарваннем тэрыторый. Гэта значыць, вайна ў тым ці іншым выглядзе будзе трываць да моманту, пакуль Расея не адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на украінскія землі. Але трэба ясна разумець, што гэта магчыма толькі ў выпадку ваеннай паразы РФ.