Пра значэнне Крыма ў палітыцы Украіны 



Ва Украіне замаячыў прывід новага майдану. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і новапрызначаны кіраўнік ўраду Дзяніс Шмыгаль упэўнена вядуць украінскае грамадства шляхам абвастрэння супрацьстаяння. Прынамсі, такое складваецца ўражанне ад першых крокаў новага прэм’ера на сваёй пасадзе. Не паспеўшы пакіраваць кабінетам міністраў і пяці хвілінаў, ён аскандаліўся гучнай заявай, якая раз’ятрыла тую частку грамадства, якая ў папярэднія дзесяцігоддзі якраз была ядром рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Пакуль што сітуацыя ва Украіне збольшага спакойная, але пытанне, ці надоўга.

У апошнія дні ва Украіне ламаюцца дзіды вакол комплекснай праблемы пад назвай “водазабеспячэнне Крыма дняпроўскай вадой”. Прадстаўнікі палітычнай сілы, якая падтрымлівае Уладзіміра Зяленскага, не ўпершыню гавораць пра магчымасць аднаўлення працы Паўночна-крымскага каналу. Спачатку пра такую магчымасць выказваўся кіраўнік партыі “Слуга народу” Давід Арахамія, які заявіў, што не выключае аднаўлення забеспячэння анексаванай паўвыспы дняпроўскай вадой, калі Уладзімір Пуцін пойдзе на саступкі па пытанні дэакупацыі Данбаса. Няцяжка здагадацца, што падобная рыторыка была скрайне негатыўна ўспрынята патрыятычнымі коламі Украіны, ветэранамі АТО і прадстаўнікамі крымскататарскай меншасці. Па сутнасці, гатоўнасць Украіны вырашыць крытычна важную для РФ праблему спынення функцыянавання Паўночна-крымскага канала азначае тое, што Кіеў фактычна змірыўся з тэрытарыяльнай стратай Крыма, прамяняў паўвыспу на магчымасць кантролю над часткамі Данецкай і Луганскай абласцей. Пасля хвалі абурэння выказваннямі дэпутата Арахаміі, якія на той момант падаліся неабачлівымі, партыя “Слуга народу” ўзяла паўзу. А ўрадавыя чыноўнікі, якія займаюцца пытаннямі Крыма, заявілі, што магчымасць аднаўлення працы Паўночна-крымскага каналу ўсур’ёз ніколі на высокім узроўні не разглядалася.

Жарсці часова суцішыліся, як новапрызначаны прэм’ер Дзяніс Шмыгаль зноў загаварыў пра Крым. Тая настойлівасць, з якой прадстаўнікі ўкраінскай улады спрабуюць вырашыць праблему забеспячэння вадой анексаванага Крыма, паказвае, што гэтае пытанне ўздымаецца невыпадкова. Выглядае на тое, што ў кулуарных перамовах з Крамлём пункт аб аднаўленні водазабеспячэння Крыма прамаўляецца не ў апошнюю чаргу.

Кіраўнік украінскага Кабміну Дзяніс Шмыгаль, у адрозненне ад свайго калегі Давіда Арахаміі, абраў іншую аргументацыю ў плане абгрунтавання неабходнасці аднаўлення працы воднага каналу. Ён гаворыць не пра прагматычныя перамовы з РФ наконт Данбасу, у якіх крымскі канал мог бы стаць казырнай картай, а пра вырашэнне “гуманітарнага крызісу”. Маўляў, украінская дзяржава не можа быць у баку ад праблемаў крымскіх украінцаў, якія ў бліжэйшыя месяцы сутыкнуцца з дэфіцытам прэснай вады. Адпаведна, абавязкам Кіева з’яўляецца вырашэнне гэтага пытання, нягледзячы ні на якія абставіны. Разам з тым, як гавораць апаненты такога рашэння, падобная логіка чыноўнікаў Зяленскага мае сама меней дзве хібы. Па-першае, прэснай вады ў Крыме хапае для задавальнення асноўных патрэбаў цывільнага насельніцтва, калі не гаварыць пра вядзенне сельскай гаспадаркі ў засушлівай стэпавай частцы і пра забеспячэнне вадой расейскіх вайсковых базаў. Па-другое, самае галоўнае, згодна з нормамі міжнароднага права, адказнасць за цывільнае насельніцтва на акупаваных тэрыторыях нясе акупант. У дадзеным выпадку – РФ, якая парушыла шэраг міжнародных дамоўленасцей, далучыўшы ў 2014 годзе Крым.

Адметна, што найбольш апантанымі апанентамі новай ініцыятывы ўраду Зяленскага выступаюць прадстаўнікі крымскататарскага народу, якія прама называюць аднаўленне водазабеспячэння на фоне жорсткіх рэпрэсій супраць карэннага народу паўвыспы “ўдарам нажа ў спіну ўкраінскім патрыётам”. І яшчэ адна дэталь, на якую немагчыма не звярнуць увагу: выказванні пра аднаўленне водазабеспячэння Крыма ідуць паралельна з блакаваннем фінансавання незалежнага крымскага тэлеканала ATR. А гэта ўжо наўрад ці выглядае выпадковым збегам абставінаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ