Пра значэнні кадравага ператрусу ў сілавым блоку
У сілавым блоку Беларусі адбыўся кадравы ператрус. З пасады сакратара Рады нацбяспекі быў пераведзены ў родную для яго Берасцейшчыну ў якасці памочніка прэзідэнта Валерый Вакульчык. Але больш рэзананснае рашэнне – вызваленне ад абавязкаў міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, які накіраваны на аналагічную пасаду ў Гарадзенскую вобласць. У абодвух выпадках, калі казаць пра новы статус топавых сілавікоў, можна смела гаварыць, што іх панізілі ў пасадах. Не прапісаны прадметна і дэталёва ў заканадаўстве інстытут “памочніка прэзідэнта” – гэта такая сабе ганаровая ссылка.
Асоба Юрыя Караева пасля падзей жніўня-кастрычніка 2020 года выклікае ў беларусаў ці не найбольш эмоцый. І сапраўды, гэты міліцэйскі генерал усім сваім выглядам паказваў, што гатовы прытрымлівацца самых жорсткіх метадаў задушэння пратэстаў прыхільнікаў пераменаў. Больш за тое, не баяўся браць адказнасць на сябе ў публічных выказваннях за відавочныя перавышэнні паўнамоцтваў і гвалт з боку ягоных падначаленых. Напярэдадні сыходу з пасады ён увогуле разразіўся адыёзнымі выказваннямі ў шэрагу СМІ, якія можна інтэрпрэтаваць як заахвочванне да прымянення зброі з боку міліцыянтаў у дачыненні да суграмадзянаў. Многія аглядальнікі, даведаўшыся пра ягоную адстаўку, дапусцілі, што нават для кіраўніцтва краіны Юрый Караеў пачаў выказвацца занадта радыкальна. Аднак з улікам кадравых рашэнняў у сістэме МУС такая версія выглядае ўтапічнай. На змену Юрыю Караеву прыйшоў не менш жорсткі чалавек Іван Кубракоў, што сведчыць пра намер улады вырашыць пытанне масавых пратэстаў выключна ў сілавым рэчышчы.
Адметна, што за пару тыдняў да прызначэння генерала міліцыі Івана Кубракова міністрам унутраных справаў ягоны папярэднік Юрый Караеў гаварыў, што менавіта Кубракоў адыграў ці не вызначальную ролю ў падаўленні масавых пратэстаў у першыя паслявыбарчыя дні. Відаць, актыўнасць генерала міліцыі ацанілі належным чынам на самым версе, што і паўплывала на рашэнне кіраўніка дзяржавы прызначыць новым міністрам менавіта Кубракова. Што да біяграфіі новага міністра, то ягоны працоўны шлях даўжынёй у чвэрць стагоддзя — вынік існавання палітычнай сістэмы Аляксандра Лукашэнкі. Інакш кажучы, дзякуючы менавіта існаму палітычнаму рэжыму стаў магчымым кар’ерны рост участковага з Магілёўшчыны, які даслужыўся да звання генерал-маёра. Дарэчы, самі былыя калегі новага начальніка ў абмеркаваннях назвалі яго “міністрам АМАП-у” як чалавека, які пры Ігары Шуневічу адыграў істотную ролю ў вяртанні гэтай структуры расейскамоўнай назвы ОМОН і ўдзельнічаў у яе рэфармаванні. Такім чынам, мэта прызначэння адданага чалавека на вызначальную пасаду не патрабуе дадатковых паясненняў.
А вось пра што трэба асобна гаварыць, дык гэта пра відавочныя прыкметы паралюшу сілавых структураў. Перавод некалі ўсемагутных і ключавых асобаў на другасныя ролі ў крытычны момант азначае, што яны не выявілі патрэбнага ўладам імпэту. Нягледзячы на ваяўнічую рыторыку таго ж Юрыя Караева, бачна, што на самым версе ім не да канца задаволеныя. Гэта азначае, што сітуацыя ўнутры сілавых структур намнога горшая, чым падаецца ўсім знешнім назіральнікам. І маналітнасць сілавога блока — пад пытаннем.