Правалы ў камунікацыі ўлады з народам



Кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Орда паспрабаваў у Фэйсбуку абвергнуць пашыраныя ў сацыяльных сетках выказванні пра прымусовы збор подпісаў у падтрымку свайго шэфа. Выказаўся ён у тыповай чыноўніцкай манеры, якая не дапускае альтэрнатыўнага меркавання. Маўляў, апазіцыйныя СМІ – яшчэ тыя фэйкамёты, ніякіх доказаў прымусу няма, грамадзяне актыўна падтрымліваюць кіраўніка дзяржавы. І ўсё б нічога, але сваё паведамленне, якое, паводле закону жанра, не патрабуе зваротнае сувязі ён размясціў у сацсетцы, вядомай вялікай колькасцю крытычна настроеных да ўлады людзей, якія не баяцца выказвацца на вострыя тэмы. І тут панеслася. За пару гадзінаў ён атрымаў вельмі шмат кпінаў з боку дзясяткаў грамадзянаў, якія жартавалі з нагоды таго, што ў Беларусі, на жаль, пражывае ўсяго каля 9,5 мільёнаў чалавек. А так бы за Аляксандра Рыгоравіча ўсе 15 мільёнаў падпісалася.

Калі аўтар допіса папрасіў выказвацца канкрэтна, прыводзіць прыклады выкарыстання адміністрацыйнага рычага, інтэрнаўты таксама не сталі спаць у шапку. Адразу некалькі карыстальнікаў назвалі прадпрыемствы і ўстановы адукацыі, дзе прадстаўнікі цяперашняй улады намагаюцца збіраць подпісы ў падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Усе гэтыя крытычныя допісы таямнічым чынам праз нейкі час знікалі, што яшчэ больш смяшыла карыстальнікаў Фэйсбука. У эпоху ІКТ, як аказалася, спроба канкураваць на роўных для тых, хто прызвычаіўся да прапагандысцкага допінгу і адвык ад дыскусіі, звычайна прыводзіць да ганебных вынікаў.

Калі раней для ажыццяўлення кантроля за інфармацыйнай прасторай хапала наяўнасці афіцыйных СМІ з іх раздзьмутым бюджэтам, то цяпер мяч перайшоў на поле сацыяльных сетак. Цяпер недастаткова закрыць раты незалежным журналістам, а даводзіцца спаборнічаць з куды больш спрактыкаванай і мабільнай арміяй блогераў, лідараў думак і неабыякавых грамадзянаў. На практыцы гэта для прапагандысцкіх дыназаўраў становіцца невырашальнай праблемай. Людзі, прывучаныя да таго, што яны могуць кіраваць настроямі ў ручным рэжыме, не даюць рады з сацыяльнымі медыя. Несучаснасць і няўменне весці дыялог прыводзіць да ўтварэння яшчэ большай дыстанцыі з грамадствам. Праблема камунікацыі ўладаў Беларусі з народам – заканамерны вынік недастатковай ратацыі эліт, знаходжання на ключавых пасадах асобаў, якія не ўмеюць нават уключаць камп’ютар без дапамогі дарадцаў. Пра гэта сведчаць не толькі правальныя спрэчкі Міхаіла Орды з інтэрнаўтамі, але і нядаўняе прызнанне Лідзіі Ярмошынай у тым рэчышчы, што яна не з’яўляецца тэхнічна падкаваным спецыялістам. У ХХІ стагоддзі палітыкі проста абавязаны мець базавыя навыкі карыстання сацыяльнымі сеткамі і разумець механізмы ўзаемадзеяння з Інтэрнэт-публікай. Але гэта, вядома, патрабаванне да тых, хто прыходзіць да ўлады ва ўмовах сумленных і празрыстых выбараў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ