Прынцыповыя панкі
Часам лепей маўчаць, чым гаварыць. А для некаторых спевакоў з прыстаўкай рок лепей усё-такі спяваць, чымся разважаць на высокія тэмы. Я ўжо даўно перастаў здзіўляцца паводзінам расейскіх рок-музыкаў, песні якіх у юнацтве часта гучалі ў маім магнітафоне. Калі на хвалі перабудовы яны спявалі пра свабоду, каханне і рок, то ва ўмовах пуцінізма большасць колішніх герояў андэграўнду проста сталі калектыўным рэтранслятарам „крымнашызму”. Радуе тое, што не расчаравалі БГ, Андрэй Макарэвіч, гурт „Тэлевізар”, група „Калинов Мост” — гэтыя людзі захавалі крытычнае ўспрыманне рэчаіснасці, як і належыць сапраўдным рокерам.
Але не толькі расейскія выканаўцы звар’яцелі на фоне расейска-украінскага крызісу. Той жа ўлюбёнец еўрапейскай публікі Горан Брэгавіч вельмі ўжо адкрыта стаў падтрымліваць працэс збірання „рускіх земляў”. Праўда, забыўся небарака, што асноўная ягоная аўдыторыя — не ў вялікай Расеі, а ў той самай Гейропе, каштоўнасцяў якой ён не падзяляе. Вось і стаў персонай нон грата на шматлікіх еўрапейскіх фестывалях і тусоўках.
На гэтым тыдні паказалі сваю „прынцыповасць” хардкор-панкі з гурта The Exploited. Спачатку яны заявілі, што адмаўляюцца ўдзельнічаць ва ўкраінскім рок-фэсце „Захід”, таму што ў ім удзельнічае беларуска-украінскі гурт „Brutto”. Чым ім так насаліў новы праект Сяргея Міхалка, не стала зразумела і з далейшай перапіскі арганізатараў з вакалістам The Exploited Ўоці Б’юкэнам. Апошні некалькі разоў падкрэсліваў, што ўбачыў у Інтэрнэце шмат „лайна”, звязанага з беларускім гуртом. Але, на жаль, канкрэтыкі ад панка ўкраінскія арганізатары так і не пачулі. Потым, праўда, прадстаўнікі The Exploited раптам перадумалі, сказаўшы, што „Brutto” — нармальныя хлопцы. Адпаведна, панкі пагадзіліся зноў выступіць на адной сцэне з беларусамі. Але, як кажуць у такіх выпадках, асадак застаўся. Арганізатары канцэрту адказалі тытулаваным панкам, што музыкі — гэта не „13-гадовае дзяўчо, якое то едзе, то не едзе”. І адмовілі ім ва ўдзеле ў фэсце. Так што, песня „Brutto” „Наша возьме” аказалася прарочай. А прынцыповыя панкі з The Exploited змогуць паглядзець трансляцыю фэста онлайн.