Пуціну бракуе людскіх рэсурсаў?



Калі паглядзець на статыстычныя дадзеныя, агульная дэмаграфічная карціна ў РФ выглядае досыць няблага на фоне некаторых былых саюзных рэспублік. Але справа тут не столькі ў высокіх паказніках нараджальнасці, забяспечаных падтрымкай мацярынства і інстытута сям’і, колькі ў міграцыйнай палітыцы, якая вымывае працоўныя кадры з былых ускраін імперыі.

Вось некалькі фактаў пра расейскую дэмаграфію. Прыблізна з 2013 года Расея ўпершыню з 1990-х гадоў выйшла на станоўчы натуральны прырост насельніцтва. Пасля анексіі Крыма “расіян” стала на 2,3 млн больш. Станоўчае сальда міграцыі ў 2018 годзе ў Расеі склала 84 тысячы чалавек. У асноўным у Расею едуць жыхары рэспублік Цэнтральнай Азіі, украінцы, беларусы і малдаване. Калі таджыкі, узбекі працуюць збольшага на нізкакваліфікаваных працах, то беларусы і ўкраінцы вядуць рэй у будаўнічай сферы, займаюць менеджарскія пасады. Сярод усіх працоўных мігрантаў у РФ беларусы займаюць бадай што самае прывілеяванае становішча. Гэта абумоўлена дамовамі ў межах так званай Саюзнай дзяржавы, якія забяспечваюць грамадзянам РБ практычна тыя ж самыя правы, як і самім расейцам.

Чаму ж на фоне такой знешне прываблівай дэмаграфічнай карціны Расея працягвае лібералізацыю міграцыйнага заканадаўства? Адказ на гэтае пытанне часткова ляжыць на паверхні. Дастаткова звярнуць увагу на назву мерапрыемства, падчас якога было заяўлена пра спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін выступаў з гэтай прапановай на VI Сусветным кангрэсе расейскіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Выступаючы перад дэлегатамі кангрэса, Уладзімір Пуцін асудзіў Украіну і краіны Прыбалтыкі за “перапісванне гісторыі, змаганне з помнікамі і з расейскай мовай”. У гэтай цытаце – ёмістае і лаканічнае тлумачэнне ўсіх будучых змяненняў у міграцыйнай сферы. Фактычна гаворка ідзе пра тое, што Расея разглядае ў якасці сваіх суайчыннікаў людзей, якія падзяляюць з імі расейскую (альбо савецкую) версію гісторыі, шануюць расейскі (альбо савецкі) пантэон герояў і размаўляюць на мове імперыі (па-руску). Такі падыход дазваляе аднесці па змаўчанні да “суайчыннікаў” яшчэ некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек, якія пакуль што маюць пашпарты суседніх з РФ краін, але пры гэтым адчуваюць цесную эмацыйную сувязь з былой метраполіяй.

Імкненне расейскага кіраўніцтва перацягнуць людскія рэсурсы з Беларусі, Украіны, Прыбалтыйскіх рэспублік можна таксама патлумачыць іх занепакоенасцю ўстойлівай тэндэнцыяй на зніжэнне долі рускіх у насельніцтве самой Расеі. З 1989 года па 2010 год колькасць этнічных рускіх у Расеі зменшылася амаль на 9 мільёнаў чалавек. Такія негатыўныя праявы натуральнай страты не адносяцца да некаторых неславянскіх народаў РФ, якія наадварот дэманструюць павелічэнне колькасці насельніцтва за кошт больш высокіх паказнікаў нараджальнасці.

Для незалежных дзяржаваў, якія паўсталі на руінах СССР, новая міграцыйная палітыка РФ з’яўляецца своеасаблівым выклікам. З аднаго боку, яна адкрывае магчымасці да наўпроставага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краін-суседзяў. Згадайма хаця б так званую абарону “рускага” насельніцтва ў Крыме і ў Данбасе. З іншага боку, зняцце бюракратычных бар’ераў для мігрантаў будзе далей негатыўным чынам уплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў постсавецкіх краінах, пазбаўляючы іх працаздольнага насельніцтва. У такім разе адзіным магчымым адказам краін-суседзяў РФ на такую палітыку можа быць толькі стварэнне канкурэнтаздольных эканомік, якія забяспечаць працоўнымі месцамі людзей у сябе на радзіме.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ